Гэтым беларусам прадказваюць драфт НХЛ-2025. Два прозвішчы вы дакладна маглі чуць, калі сочыце за футболам і хакеем
Ранні аванс.
Да драфта-2025 Нацыянальнай хакейнай лігі яшчэ больш за паўгады, але аналітыкі ўжо назіраюць і прадказваюць. Свой ранжыр маладых гульцоў выкаціла скаўцкае бюро НХЛ. Зразумела, што гэта толькі папярэдняя ацэнка, але якія перспектывы малююць беларускім хакеістам? На першыя тры раўнды нікога сярод іх спецыялісты пакуль не наглядзелі. У 4-5-ы раўнд адпраўляюць Яраслава Брызгалава, а ў 6-7-ы – Юрыя Румо і Арсеня Радзькова. Распавядаем пра тых, хто зацікавіў заакіянскіх экспертаў.
17-гадовы Юры Румо – выхаванец віцебскай хакейнай школы. Вядомаму хакейнаму трэнеру Аляксандру Румо, які праз палітычны ціск быў вымушаны пакінуць Беларусь, ён усяго толькі цёзка па прозвішчы. У мінулым сезоне форвард выступаў за юнацкія каманды маскоўскага ЦСКА, куды трапіў праз мінскае «Дынама-2006». Вось як хакеіст згадвае пераезд у 2020-м:
«Сядзеў дома, гуляў у Play Station, і тут тата кажа, што мне трэба замацоўвацца ў мінскім «Дынама-2006», я тады за гэты ўзрост гуляў. Ён сказаў, што калі будзе ўсё добра, дык будзе далейшы прагрэс. Але які – не сказаў. Я выпытваў у яго інфармацыю, і праз гадзіну ён прызнаўся, што, магчыма, паедзем у ЦСКА. Я падумаў: «Крута!». І пайшоў на трэнінг. А праз нейкі час мы з'ехалі ў Маскву. Там са мной падпісалі кантракт».
Малады талент таксама расказаў, што ў Беларусі яго аднагодкі маглі і пахалявіць, а вось у ЦСКА ўжо ўсё па-сур'ёзнаму. Гэтым летам Румо падпісаў прафесійны кантракт з клубам расійскай арміі. Пагадненне мае трохбаковы характар і разлічанае да 31 траўня 2027-га. На момант дамовы Румо паспеў дэбютаваць у МХЛ за фарм ЦСКА – «Чырвоную Армію», дзе ў 9 матчах набраў 1 (0+1) пункт пры паказніку карыснасці «-5». Некалькі дзён таму беларус вызначыўся яшчэ аднім асістам.
Верагодна, кіраўніцтва ЦСКА пераканала гульня Румо за зборную Беларусі U17, якая стала пераможцам травеньскага Кубка чэмпіёнаў-2024 у Чалябінску. У 7 гульнях хакеіст закінуў 1 шайбу, але вельмі важную – у вароты «Поўначсталі».
Акрамя гэтага на турніры габартны форвард (192 см, 90 кг) заблакаваў багата кідкоў, у тым ліку ў фінале з «Трактарам», дзе пасля чарговага блок-шота атрымаў траўму. Вось як гульню Румо апісваў скаўт Федэрацыі хакея Беларусі Арцём Жандораў:
«Фізічна моцны, аб'ёму яго катання хапае для таго, каб атрымаць стабільнае месца ў складзе «Чырвонай Арміі» і гуляць у МХЛ, але яму бракуе тактычнай вывучкі. Часам складаецца ўражанне, што ён хоча ўсюды паспець. Аднак найперш трэба надзейна і правільна дзейнічаць на сваёй пазіцыі. Так што ў гэтым плане яму яшчэ ёсць над чым працаваць».
Яшчэ ў падлетку Румо спецыялісты бачылі плэймэйкерскія задаткі, хакейны IQ, галявое чуццё, а таксама адзначалі арыентаванасць на перадачу.
Арсеню Радзькову таксама 17. І ён дапамагаў зборнай Беларусі браць трафей у Чэлябінску. Хаця найлепшым на турніры прызналі яго канкурэнта Ягора Ходзіна, які атрымаў крыху больш гульнявога часу. Радзькоў – сын вядомага беларускага экс-футбаліста, а сёння трэнера Арцёма Радзькова, які з лютага працуе ў штабе махачкалінскага «Дынама» ў РПЛ. Як яны апынуліся ў Расіі на адлегласці ў дзве з паловай тысячы кіламетраў адзін ад аднаго, мы вам ужо расказвалі.
У сезоне-2023/24 Радзькоў-малодшы дэбютаваў у МХЛ за «Мамантаў Югры» (Ханты-Мансійск). Ён прыцягваўся да складу каманды і быў заяўлены запасным на 13 матчах турніру. У двух з іх усё ж выйшаў на замену, правёўшы ў лютым 5 і 7 хвілін у сустрэчах з «Краснаярскімі рысямі». Асноўную частку сезона Арсень выступаў за каманды малодшага U17 і U18 у першынстве Расіі ў рэгіёне Урал - Заходняя Сібір.
Пазней беларускі брамнік перайшоў у «Цюменскі легіён», што крыху бліжэй да месца працы бацькі. У гэтым сезоне юнак правёў чатыры матчы, адбіў 91.3 працэнтаў кідкоў, але ў трох выпадках яго каманда саступіла.
Яшчэ адзін беларус з папярэдняга спісу драфта НХЛ-2025 – Яраслаў Брызгалаў. Форвард рос у Магілёве і даволі хутка станавіўся лідарам зборных Беларусі розных узростаў. У складзе U18 правёў мінулы сезон ў вышэйшай лізе і ў 52 сустрэчах зарабіў 69 (21+48) выніковых балаў пры паказніку карыснасці «+44». Ён стаў трэцім бамбардзірам вышэйшай лігі па выніках рэгуляркі.
У плэй-оф форвард узяў удзел у 15 матчах і выбіў 18 (8+10) пунктаў пры паказніку карыснасці «+3». Увогуле, у тым 17-гадовы хакеіст не прапусціў ніводнай гульні і дапамог камандзе стаць срэбнай прызёркай вышэйшай лігі і ўладальніцай Кубка Цыплакова.
Скаўт Жандораў адзначыў у Брызгалава гульнявое мысленне, тэхніку і добрае валодае клюшкай. Пра слабы бок таксама згадаў:
«Чаму яшчэ варта надаць увагу, так гэта адбору шайбы. Калі ён палепшыць гэты кампанент, яго гульня стане больш цэльнай і прыцягне больш пільную ўвагу скаўтаў і павысіць верагоднасць патрапіць на драфт НХЛ. Таму што скаўты заакіянскіх клубаў звяртаюць увагу, каб цэнтральны нападнік умеў добра дзейнічаць у адборы».
У складзе зборнай U17 Брызгалаў стаў найлепшым бамбардзірам каманды (6 шайбаў) на тым самым Кубку чэмпіёнаў, які мы згадвалі вышэй, а ў жніўні паехаў у Паўночную Амерыку. Хаця напярэдадні ў беларуса, абранага на драфце USHL пад 215-м нумарам, узніклі праблемы з візай. Але іх хутка вырашылі.
За «Дэ-Мойн Баканірс» у рэгулярным чэмпіянаце галоўнай юніёрскай лігі ЗША (USHL) Брызгалаў закінуў ужо двойчы. Нядаўні матч супраць «Чыкага Стыл» (5:4) беларус пачынаў у стартавым звяне, вызначыўся голам, зрабіў 3 кідкі ў створ варот, атрымаў 2 хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказнікам карыснасці «-1». Усяго беларускі форвард паспеў правесці 9 матчаў.