Протас трымае шалёны тэмп па карыснасці ў сезоне. Але да рэкорда Салея яму яшчэ доўга гуляць
Шаранговіч з адрывам найгоршы.
Фенаменальны ў персанальным плане сезон у НХЛ ад Аляксея Протаса праяўляецца яшчэ ў адным аспекце. Пасля першай паловы рэгуляркі акрамя звання другога бамбардзіра «Вашынгтона» з 36 (18+18) пунктамі беларускі форвард з адрывам самы карысны гулец «Кэпіталз» – мае ажно «+23»!
Гэта і адзін з найлепшых паказнікаў ва ўсёй лізе: прама цяпер Протас знаходзіцца на 5-м месцы, але яшчэ перад матчам супраць «Манрэаля» 11 студзеня (2:3 АТ), дзе беларус зарабіў «- 1», увогуле дзяліў 2-е месца з некалькімі хакеістамі.
Паказнік карыснасці разлічваецца толькі для палявых гульцоў. Робіцца гэта наступным чынам: калі каманда закідвае шайбу, то яе хакеісты, што знаходзіліся ў момант голу на лёдзе, атрымліваюць плюс, а калі прапускае – то мінус. Але ёсць выключэнні. Плюсы і мінусы не налічваюцца за шайбы з булітаў і ў пустую браму, а таксама за шайбы ў няроўных складах
Такім чынам «плюс/мінус» адлюстроўвае ўнёсак кожнага гульца ў поспехі ці няўдачы клуба ў роўных складах (звычайна, у такім фармаце працякае большая частка гульні). Паказнік цікавы, здольны «падсветліць» тых, кто не так шмат закідвае і аддае на галы, але пры гэтым карэнным чынам уплывае на гульню: шчыруе ў абароне, бярэ ўдзел у развіцці атак і камбінацыях і гэтак далей.
Хаця хапае і тых, хто крытыкую сістэму з плюсамі і мінусамі. Нярэдка мінусы запасяцца ў тых, хто шмат часу праводзіць у няроўных складах і часта вызначаецца шайбамі ў такім фармаце – гэтыя шайбы проста не прыносяць плюсу. Сённяшні партнёр Протаса расіянін Аляксандр Авечкін мае ў кар'еры сезоны з выніковымі паказнікамі «- 34» пры 79 пунктах у 78 матчах або «- 22» пры 65 пунктах у 79 матчах (і гэта толькі самыя «яркія» мінусавыя сезоны).
Але вернемся да Протаса. Адным з галоўных фактараў топавага сезона называюць тое, што беларус набраў вагу. Дзякуючы паляпшэнню антрапаметрыі гулец выконвае яшчэ большы аб’ём працы: стварае свабодную прастору для партнёраў (свежы прыклад з пераможным голам у авертайме), першым з гульцоў атакі ідзе ў прэсінг, выгрызае шайбы ў супернікаў (раз, два). Протас – выдатная ілюстрацыя таго, як такія высілкі перарастаюць у выніковыя дзеянні, а тыя фармуюць паказнік карыснасці.
На сёння форвард «Вашынгтона» мае такі паказнік карыснасці, з якім яшчэ ніводзін беларус у НХЛ (у лізе ўжо засвяціліся 16 нашых суайчыннікаў, улічваючы брамніка Аляксея Коласава) не заканчваў сезон. Протасу да канца сезона таксама далёка, але ён высока падняў планку. Ці здолее яе ўтрымаць?
У спіс ніжэй не ўключаныя Раман Грабарэнка, Аляксандр Андрыеўскі, Максім Сушко, Дзмітрый Корабаў ды Ілля Салаўёў (правялі 10 і менш матчаў), а для Уладзіслава Калячонка мы ўзялі дэбютны сезон, дзе ён згуляў 30 матчаў – браць паказнік «+5» у 5 матчах мінулага сезона неяк не красамоўна.
Дзякуючы паспаховай гульні ў бягучым сезоне НХЛ Протас агулам мае «+16» у графе карыснасці за ўсю энхаэлаўскую кар’еру (211 матчаў). Больш напрацавалі толькі Уладзімір Цыплакоў («+42» за 331 матч) і Сяргей Касціцын («+23» за 353). На адзін пункт менш за Протаса мае Андрэй Касціцын, які ўзяў удзел у 398 матчах.
Уладзімір Цыплакоў
Абсалютны рэкардсмен па гульнях у НХЛ сярод беларусаў, Руслан Салей, скончыў заакіянскую кар’еру з паказнікам «- 25» у 917 матчах, Канстанцін Кальцоў мае на рахунку выніковыя «- 42» за 144 сустрэчы.
Руслан Салей
Канстанцін Кальцоў
А вось Ягор Шаранговіч, да рэкорду якога (59 балаў па «гол+асіст») рашуча цягнецца Протас, мае найгоршыя лічбы карыснасці сярод усіх беларусаў – «- 61» за 320 гульняў.
Ягор Шаранговіч
Статыстыка – nhl.com