Беларус – самы карысны гулец НХЛ ды яшчэ другі бамбардзір каманды, якая лідаруе ў лізе. Гучыць? Але ж так і ёсць!
Такога даўно не было.
Рэгулярка чэмпіянату НХЛ паступова набліжаецца да кульмінацыі. Мы рэгулярна расказваем пра дасягненні беларуса Аляксея Протаса, які не стамляецца запальваць у складзе «Вашынгтона» ад пачатку сезона. Вось і цяпер, пасля беларускага дэрбі з «Калгары» Ягора Шаранговіча, ёсць што напісаць.
Беларускі форвард «Кэпіталз» адзначыўся голам і зарабіў у статыстыку чарговыя «+2» – такім чынам, Протас абнавіў свой асабісты рэкорд выніковай серыі (набірае пункты ўжо ў 5 матчах запар), а таксама выйшаў на першае месца па карыснасці ва ўсёй (!) НХЛ, якое падзяляе з канадцам Брэйдэнам Макнабам і расіянінам Кірылам Марчанкам – кожны мае «+29».
Цяпер на рахунку Аляксея Протаса 42 (21+21) ачкі, ён другі бамбардзір «Вашынгтона» (наперадзе толькі Дылан Строн, які мае 47 пунктаў, а ў партнёра па звяну Аляксандра Авечкіна на 8 балаў менш). Мы распавядалі, якія фактары прывялі да росту карыснасці беларускага нападаніка. Цяпер жа пералічым некалькі фактаў, якія сведчаць пра высокі ўзровень «Кэпіталз»:
- проста цяпер «сталічныя» ўзначальваюць табліцу не толькі сваёй канферэнцыі, але і ўсёй НХЛ у цэлым – апошнім разам «Кэпіталз» выйгравалі Прэзідэнцкі кубак (так называецца трафей, які ўручаецца камандзе з найбольшай колькасцю пунктаў па выніках рэгуляркі) у сезоне-2016/17, 8 гадоў таму;
- цяперашняе першае месца «Вашынгтона» – найлепшы вынік каманды (не ўлічваючы скарочаных «кавідных» розыгрышаў НХЛ-2019/20 і 2020/21) з сезона-2017/2018, калі «Кэпіталз» сталі чацвёртымі ў агульнай табліцы рэгуляркі, а пазней выйгралі адзіны ў сваёй гісторыі Кубак Стэнлі;
- «Вашынгтон» займае другое месца па колькасці галоў (174) у цяперашнім сезоне – Аляксей Протас з'яўляецца 2-м снайперам каманды, на шайбу саступаючы Авечкіну;
- «Кэпіталз» мае другую па нейтралізацыі меншаць (84,7%) у лізе – тут Протас адзін з самых запатрабаваных выканаўцаў у камандзе (82 хвіліны пры трох – у большасці), толькі шасцёра гульцоў «Вашынгтона» маюць большы айс-тайм у меншасці.
Ці маглі вы ўявіць перад пачаткам сезона, што беларус будзе на першых ролях у складзе лідара НХЛ? Увогуле, ці здаралася такое раней?
Першае, што ўспомніцца беларускім аматарам хакея, удзел у Кубку Стэнлі Руслана Салея ў складзе «Анахайма». Але ж «качкі» тады сталі толькі 11-й камандай у агульнай табліцы НХЛ, няхай у выніку і атрымаўся яскравы сезон, а адзіны беларускі гол у фінале галоўнага клубнага хакейнага турніра – такое складана будзе паўтарыць, але, здаецца, сённяшні «Вашынгтон» на гэта здольны.
Выдаць яскравы сезон-2007/08 «Манрэалю» дапамог беларускі тандэм братоў Касціцыных – іх сумарныя 80 галявых дзеянняў у рэгулярцы (30% галоў «Канадыянс») дазволілі спачатку заняць трэцяе месца ў агульнай табліцы НХЛ, а пазней дайсці да чвэрцфіналу плэй-оф.
Гэта быў рэкордны па пунктах сезон для старэйшага Андрэя (26+27), а вось малодшы Сяргей праз тры гады (сезон-2010/11) выдаў найлепшы для сябе год за «Нэшвіл». Праўда, 50 пунктаў не вывелі «Прэдатарз» у топы лігі (10-е месца ў агульнай табліцы рэгуляркі), але дапамаглі выйсці ў плэй-оф, дзе атрымалася дайсці таксама да чвэрцьфінала.
Праз год браты ўз'ядналіся ў складзе «Нэшвіла» і амаль паўтарылі манрэальскую гісторыю: паўдзельнічалі ў адной пятай галоў клуба ў рэгулярцы і дапамаглі атрымаць 5-е месца ў агульнай табліцы НХЛ, пасля чаго «Прэдатарз» дайшлі да 1/4 фіналу плэй-оф.
Можна прыгадаць і папярэдні беларускі рэкорд выніковасці за акіянам, перапабіты на адзін бал Ягорам Шаранговічам у мінулым годзе – няхай 58 пунктаў у сезоне-2010/2011 ад Міхаіла Грабоўскага і сталі трэцім паказнікам у складзе «Таронта» ў той рэгулярцы, але ў выніку «лісты» фінішавалі на 22-м «агульным» радку і не патрапілі ў плэй-оф.
Тая ж гісторыя здарылася з сённяшнім рэкардсменам Шаранговічам: ён стаў другім бамбардзірам «Калгары» у сезоне-2023/24, але гэта быў далёка не фаварыт турніра – фініш па-за плэй-оф і 24-е месца ў агульнай табліцы.
І яшчэ некалькі слоў пра Грабоўскага. З гэтым беларусам у складзе «Таронта» прайшоў у плэй-оф толькі аднойчы (2012/13), але тады беларускі гулец быў ужо далёкі ад прайм-формы папярэдніх чатырох гадоў – усяго 16 пунктаў за 48 матчаў, драфт адмоў і пераезд у «Вашынгтон».
У складзе «Кэпіталз» Грабоўскі адгуляў адзін сезон (2013/14), які каманда скончыла па-за межамі плэй-оф на агульным 17-м месцы, а нападнік з 36 пунктамі стаў толькі дзявятым бамбардзірам «Вашынгтона». Атрымліваецца, што Протас цяпер і самы выніковы беларус у складзе «Кэпіталз».
Як мы цяпер бачым, беларусы на вядучых ролях у складзе фаварыта НХЛ – даволі рэдкая з'ява. Такога не было ўжо больш як 10 гадоў!