Пакуль НХЛ на паўзе, Шаранговіч і Протас адпачылі на курортах, а адзін беларус рвануў ажно ў Мінск (відавочна хто)
Флорыда, Мексіка і Беларусь.
9 лютага Нацыянальная хакейная ліга сышла на двухтыднёвую паўзу, звязаную з правядзеннем турніра чатырох нацый. Большасці гульцоў далі кароткатэрміновы адпачынак, сярод іх аказаліся і беларусы Аляксей Протас, Ягор Шаранговіч, Уладзіслаў Калячонак і Аляксей Коласаў. Вось як яны бавяць час на вакацыях.
Абаронца Уладзіслаў Калячонак, які нядаўна пераехаў з «Юты» ў «Пітсбург», са сваёй жонкай Марыяй выправіўся ў Мексіку. Пара спынілася на люксавым курорце «Пальмая», што месціца на паўвостраве Юкатан у адным з самых прыгожых пляжаў краіны на беразе Карыбскага мора і пазіцыянуе сябе як «супольнасць экапрадпрымальнікаў, аднадумцаў, духоўных шукальнікаў, фанатыкаў добрага самапачування».
Як вынікае з Instagram-гісторый жонкі Калячонка, пара прысвячае час ёзе, але ёсць на курорце і больш звыклыя трэнажоры. Паводле сервіса Hotels.com, адна ноч у гатэлі «Пальмая» абыйдзецца у 1100 еўра.
У адрозненні ад свайго беларускага аднаклубніка па «Калгары» Іллі Салаўёва, спушчанага ў фарм-клуб з АХЛ, Ягор Шаранговіч адпачынак атрымаў і таксама паляцеў у Мексіку з жонкай Дар'яй і сынам Крысціянам.
Шаранговічы абралі курортны гатэль «Мантаге Лос-Кабас» у горадзе Каба-Сан-Лукас – гэта на самым поўдні Каліфарнійскага паўвострава, на беразе Ціхага акіяна. Паводле Hotels.com, адна ноч тут каштуе ад 1398 еўра.
На спорт сям'я таксама не забываецца.
Але і без таго нядрэнна бавіць час. Ганяла на прагулку на яхце.
Гуляла па ўзбярэжжы.
І проста вельмі прыемна бавіла час.
А галоўны беларускі хэдлайнер бягучага сезона НХЛ Аляксей Протас з жонкай Таццянай і дачкой Алісай застаўся ў ЗША і паехаў адпачываць у Флорыду. Вакацыі атрымліваюцца сапраўды сямейнымі. Значная частка кантэнта ў сацсетках прысвечаная дачцэ, якой на днях споўнілася два гадкі – яе Аляксей называе сваёй галоўнай заўзятаркай.
Ну а хакеіст, несумненна, самы вялікі фанат сваёй дачкі.
Адпачынак атрымаў і брамнік «Філадельфіі» Аляксей Коласаў, які 2 лютага вярнуўся ў асноўны склад каманды пасля месячнай камандзіроўкі ў ахаэлаўскі фарм. Выхаду на лёд пасля вяртання ў аснову так і не адбылося, але насуперак чаканням амерыканскіх журналістаў, калі НХЛ сышла на паўзу, беларуса не спусцілі назад у фарм, а далі час на вакацыі.
І Коласаў выправіўся ажно ў Беларусь! І 13 лютага наведаў хатні матч мінскага «Дынама» супраць «Віцязя» (0:3) – брамнік сядзеў у ложы «Мінск-Арэны» з генеральным дырэктарам «зуброў», сябручком Баскава Арцёмам Каркоцкім. І што б усё гэта магло значыць?
Сезон у НХЛ узнавіцца 22 лютага. У гэты дзень сустрэнуцца «Пітсбург» Калячонка і «Вашынгтон» Протаса, а «Філадэльфія» Коласава будзе гуляць з «Эдмантанам». «Калгары» Шаранговіча правядзе першы матч пасля паўзы 24 лютага, у суперніках будзе «Сан-Хасэ».