Пакуль старэйшы Протас разрывае НХЛ, брат перабіў яго ў юніёрскай лізе і паставіў пару рэкордаў
Аналітыкі крытыкуюць катанне, але высока ацэньваюць шанцы прарвацца наверх.
Пакуль Аляксей Протас разрывае НХЛ і рушыць да новага беларускага рэкорда па пунктах за сезон, яго малодшы брат Ілля, правы на якога таксама належаць «Вашынгтону», упэўнена пачуваецца у дэбютным сезоне ў канадскай юніорскай лізе OHL і таксама мае чым пахваліцца.
23 лютага 18-гадовы нападнік набраў чарговыя 5 пунктаў за «Віндзар Спітфайрз». 2 гола і 3 асісты ў пераможным (7:3) матчы з «Сагін Спірыт» прынеслі малодшаму Протасу званне першай зоркі сустрэчы, а таксама тытул найлепшага легіянера-снайпера ў гісторыі клуба – на рахунку беларуса 41 гол пры 57 асістах, раней ніхто з замежнікаў у «Спітфайрз» не закідваў больш за 39 шайбаў у адным сезоне.
Папярэдні рэкорд трымаўся амаль 14 гадоў. Яго ў сезоне-2010/11 устанавіў нямецкі нападнік Том Кюнхакль, які ў 2016-2017 гадах двойчы выйграваў Кубак Стэнлі ў складзе «Пітсбурга».
З 98 баламі па выніках 52 матчаў Ілля Протас з'яўляецца другім бамбардзірам «Віндзара» і чацвёртым ва ўсёй лізе – у лідара Майкла Міса 113 пунктаў.
Увогуле беларус набраў добрую ход і адзначаецца галявымі дзеяннямі ўжо ў васьмі сустрэчах запар. За гэты перыяд Протас-меншы набраў 21 (7+14) пункт і перабіў дасягненне старэйшага брата – у таго было максімум 80 балаў за адзін сезон (2019/2020) у паралельнай юніёрскай лізе Канады WHL у складзе «Прынс-Альберта».
Як прагназуе статыстычны рэсурс eliteprospects.com, малодшы Протас за апошнія 10 тураў рэгуляркі OHL дабярэ ў статыстыку яшчэ 9 галоў і 12 асістаў і скончыць чэмпіянат са 119 (50+69) баламі.
Да абсалютнага рэкорда лігі гэта вельмі далёка – у сезоне-1977/1978 Бобі Сміт зрабіў ажно 192 выніковыя дзеянні за 61 матч. Затое да беларускага рэкорду не хопіць зусім крыху: належыць ён Сяргею Касціцыну, які ў чэмпіянаце-2006/07 набраў 131 (40+91) пункт за «Лондан Найтс».
Сяргей Касціцын (у сярэдзіне) у складзе «Лондан Найтс»
Але адно гістарычнае дасягненне сярод беларусаў на рахунку малодшага Протаса ўсё ж ёсць.
У сезоне OHL-2004/05 Джэф Плат закінуў 45 галоў, а ў 2011/12 Шэйн Прынс адзначыўся 43 шайбамі – але беларускае грамадзянства яны атрымалі ў 2012 і 2020 гадах адпаведна і таму ў спіс беларусаў з найлепшым галявым вынікам за адзін розыгрыш лігі не трапляюць. Такім чынам, папярэдні рэкорд беларусаў па галах за адзін сезон у OHL трымаў той жа Сяргей Касціцын (40 трапных кідкоў у рэгулярцы-2006/07) – у апошнім матчы за «Віндзар Спітфайрз» Ілля Протас яго перабіў на адну шайбу і стаў новым рэкардсменам.
Калі папярэдняе гістарычнае дасягненне ўстанаўліваў Сяргей Касціцын, малодшаму Протасу не споўнілася і году.
І гэты мы яшчэ не сказалі пра тое, што каманда беларуса ідзе на другім месцы ва Усходняй канферэнцыі OHL і ўжо забяспечыла сабе месца ў плэй-оф, прытым што мінулы сезон скончыла на апошнім радку. Заслуга Протаса ў паляпшэнні вынікаў відавочная – ён паўдзельнічаў у 39% галоў «Віндзара» (98 з 252).
У дэбютным сезоне 18-гадовы Протас ідзе чацвёртым бамбардзірам OHL, устанавіў два рэкорды (клубны для легіянераў і нацыянальны), перабіў cтатыстычныя паказнікі брата і палепшыў камандныя вынікі. На выдатную гульню звяртае ўвагу паўночнаамерыканская прэса.
Журналіст канадскага Sportsnet Джэйсан Букала і аўтар журнала The Hockey News Роўэн МакКарці вылучаюць габараты малодшага Протаса (рост 195 см, вага 91 кг).
– «Вашынгтон» мусіць быць у захапленні ад патэнцыялу Іллі Протаса. Ён буйны гулец, чыё катанне паступова паляпшаецца, што адчыняе яму больш магчымасцяў для нападу. Таксама ў яго выдатнае валоданне шайбай, – напісаў Букала.
– Габарыты Протаса здзіўляюць, і шмат у чым яны раскрываюць яго гульню. Рост гарантуе, што абаронцы не змогуць зрушыць яго перад брамай, дазваляе «хаваць» сабой шайбу. У яго выдатныя навыкі валодання клюшкай і катанне на каньках, у спалучэнні з яго здольнасцю абараняць шайбу Іллю вельмі цяжка спыніць на лёдзе. Найлепшым актывам Протаса з'яўляецца кідок. Яго бездакорная дакладнасць дазваляе выбіраць куты і абгульваць брамнікаў. Яго каштоўнасць як снайпера прымушае ставіць яго на флангах, дзе ён рэгулярна адпраўляе шайбы міма галкіпераў. Усе гэтыя навыкі абяцаюць добрыя перспектывы Протасу ў «Вашынгтоне». Ён выступае ў якасці навучанага магутнага форварда з вялікім патэнцыялам росту, – больш падрабязна выказаўся МакКарці.
Малодшага брата ўжо некалькі разоў уключалі ў топ талентаў для НХЛ. Скот Уілер, які асвятляе драфты для The Athletic, паставіў беларуса на 7-е месца праспектаў «Вашынгтона»:
– У яго выдатныя рукі для вялікага хлопца, ён умее балансаваць на пятках і цягнуць шайбу, каб выйсці сам-насам з супернікам, а таксама ўмела гуляе за брамай. Ён разумее, як утрымліваць і абараняць шайбу, і добра адчувае яе, добра бачыць лёд. Яго катанне ніжэй сярэдняга па мерках НХЛ, але прымальнае для яго габарытаў. Але менавіта ўзровень яго майстэрства ў канчатковым выніку з'яўляецца ўнікальным для яго габарытаў. Ён вельмі таленавіты, – напісаў Уілер.
Вядомы аналітык канадскага выдання TSN Крэйг Батан, які ў 1990-х узначальваў аддзел скаўтаў «Даласа» і працаваў генменеджарам «Калгары» напачатку нулявых, паставіў Протаса на 30-е месца ў спісе 50 найлепшых праспектаў НХЛ. Вышэй за нападніка (на 25-м месцы) аказаўся другі беларус, 19-гадовы абаронца Арцём Леўшуноў, які гуляе ў АХЛ за фарм-клуб «Чыкага» і нядаўна падымаўся ў аснову.
Проста цяпер Ілля Протас – адзін з галоўных талентаў беларускага хакея з даволі вялікімі шанцамі дабрацца да НХЛ. Цалкам магчыма, што ў бліжэйшыя гады ў галоўнай хакейнай лізе свету будзе запальваць новы дуэт беларускіх братоў.