Tribuna/Хакей/Блогі/«Дынама» прысвяціла матч садыстам: шоу рабіў атрад, які забіў Тарайкоўскага, знайшлі фаната, чые калегі збівалі гульца клуба

«Дынама» прысвяціла матч садыстам: шоу рабіў атрад, які забіў Тарайкоўскага, знайшлі фаната, чые калегі збівалі гульца клуба

Спявала «афіцэрка», былога мужа якой шмат месяцаў катавалі ў калоніі.

6 сакавіка, 04:00
1
«Дынама» прысвяціла матч садыстам: шоу рабіў атрад, які забіў Тарайкоўскага, знайшлі фаната, чые калегі збівалі гульца клуба

Мінскае «Дынама» 6 сакавіка выйграла восьмы матч КХЛ запар – перамога над «Ладай» (4:2) дазволіла падняцца на трэцяе месца ў Заходняй канферэнцыі. Але больш, чым вынік з аўтсайдарам, цікавіў антураж матча. Не першы сезон дынамаўцы кожную хатнюю сустрэчу чамусьці прысвячаюць – і ўжо не раз здзіўлялі выбарам.

Аднак гульнёй з «Ладай» мінчане пераўзышлі сябе – у самым негатыўным сэнсе. Матч прысвяцілі беларускім «сілавікам» (4 сакавіка рэжым адзначаў «дзень міліцыі»). Быццам і лагічна: «Дынама» ж і названае ў гонар фізкультурна-спартыўнага таварыства тых самых «сілавікоў». Вось толькі яны за 2020-я настолькі выкупаліся ў крыві мірных беларусаў, што ў рэальных фанатаў клуба ніякай пазітыўнай рэакцыі выклікаць не могуць. А дынамаўцы прымудрыліся нават на ролю «фаната» – хоць, здавалася б, выбар тут шырокі – паставіць супрацоўніка «падраздзялення», адказнага за збіццё хакеіста.

Разбіраем падрабязна, каго «Дынама» прычасціла да сваіх поспехаў.

Фанаты «Дынама» сышлі ў байкот праз гвалт «сілавікоў» (скалечылі і падлетка з сектара) – клуб на замену сагнаў бюджэтнікаў

Пасля бязмежнага гвалту «сілавікоў», які выйшаў на пік у першы тыдзень пасля «выбараў» у 2020-м, група актыўных фанатаў «Дынама» ByZone абʼявіла бестэрміновы байкот. Асабліва шакавала гісторыя аднаго з чальцоў фан-сектара Цімура Міцкевіча. 12 жніўня 2020-га 16-гадовага хлопца затрымалі, таму што ён аказаўся «не ў тым месцы» – і моцна збілі, сярод іншага, спрабуючы забіць дубінку ў горла. Уначы хлопца даставілі ў лякарню, дзе медыкам прыйшлося ўводзіць яго ў медыкаментозную кому. Гісторыя Цімура тады зачапіла некаторых гульцоў «Дынама», у ліку якіх аказаўся і Ягор Шаранговіч, які цяпер выступае за «Калгары» ў НХЛ. Хакеісты публікавалі фота Міцкевіча з маскотам і подпісам: «Трымайся, Цімур! Мы з табой!»

Але рэжымнікі сваіх злачынстваў не прызнаюць – затое Міцкевіча абвінавацілі ў нібыта спробе «ўзброенага напада» і з лякарні адправілі ў СIЗА. Пасля аднаго з допытаў хлопец зноў аказаўся ў рэанімацыі. Праз некалькі дзён пасля пераводу ў стацыянар хлопца ўдалося эвакуяваць з Беларусі. Вядома, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны Міцкевіч уступіў у Полк Каліноўскага, каб ваяваць з акупантамі. Дапамагае супрацьстаяць ім іншы рэаніматолаг Максім Ачарэтні, які быў урачом Цімура.

У 2020-м жа фанаты «Дынама» на фоне пачатку гэтай гісторыі запатрабавалі ад клуба публічна асудзіць гвалт з боку сілавікоў, заклікаць выпусціць затрыманых і палітвязняў і прызнаць выбары нелегітымнымі. Нічога з гэтага выканана не было. У «Дынама» палічылі за лепшае замяніць «нерэжымных» фанатаў пераапранутымі ў клубную атрыбутыку курсантамі МНС і проста прыгнанымі па разнарадцы бюджэтнікамі. З часам частка людзей з ByZone усё ж вярнулася на «Мінск-Арэну», але не ў складзе арганізаванага сектара. Байкот, па сутнасці, трывае дагэтуль.

«Тварам» гульні з «Ладай» зрабілі супрацоўніка атрада, у якім збілі хакеіста «Дынама»

Перад цяперашнім матчам у гонар «сілавікоў» «Дынама» таксама выбрала твар на афішу. Варыянтаў яўна магло быць шмат, але ў клубе чамусьці аддалі перавагу Аляксандру Ермачонку, якога прадставілі як камандзіра ўзвода «АМАП» з 13-гадовым стажам у атрадзе. У суправаджальным тэксце працу «сілавікоў» як змаглі «гераізавалі». Мы выкажам удзячнасць і павагу неверагодна смелым і адданым прафесіяналам сваёй справы, якія стаяць на варце нашай бяспекі, рызыкуючы сваімі жыццямі з дня ў дзень», – напісала прэс-служба «зуброў».

Ермачонка ж паставілі перад матчам адбіваць «кулачкі» хакеістам «Дынама».

Між іншым, прэс-служба мінчан паказала, што Ермачонак мае медаль за выратаванне рыбакоў, якія танулі. А вось на што не было акцэнта – дык на то, што Ермачонак належыць да «АМАП» выканкама Лукашэнкі па Мінскай вобласці. Канешне, першае месца па зверствам сярод такіх атрадаў – за «мінскім», чый ужо былы камандзір Дзмітрый Балаба нядаўна ўзначаліў «Дынама», якое БФСО.

Але той «АМАП», дзе працуе Ермачонак, адзначыўся тым, што адбіў зусім не «кулачок» хакеісту «Дынама» Iллі Літвінаву. У жніўні 2020-га форвард з 50 матчамі ў КХЛ рыхтаваўся да сезона разам з фармам «зуброў» – «Дынама-Маладзечна». Трэніраваўся клуб, уласна, у Маладзечне – значыць, у Мінскай вобласці. I тут Літвінаў, вяртаючыся з трэніроўкі, папросту трапіў «пад раздачу» – «сілавікі» як раз з «АМАП» білі ўсіх, хто быў на шляху. Хакеіста таксама збілі і затрымалі. На наступны дзень у клубе спахапіліся і выцягнулі Літвінава з-за кратаў – і вось як выглядаў ягоны твар.

Як пазней высветлiлася, у справу ўмяшаўся ўплывовы рэжымнік ад хакея Дзмітрый Баскаў – і нават пазней прыводзіў «амапаўца», які збіваў Літвінава, у раздзявальню «Дынама-Маладзечна», і «сілавік» папрасіў прабачэння (гэта, быць можа, адзіны такі выпадак на ўсю Беларусь). На гэтым усё і скончылася – прыцягваць «сілавікоў» да рэальнай адказнасці рэжым у любым выпадку лічыць занадта небяспечным для сябе, ды і Літвінаў прыняў сітуацыю, як сказалі «зверху», і заявіў, што, маўляў, усё ў парадку. У кастрычніку 2020-га яго нават зноў выклікалі ў «Дынама», але ўсяго на пяць матчаў (каманда ўсе прайграла). Цяпер хакеіст праводзіць свой трэці сезон у расійскім «Паўднёвым Урале» з ВХЛ. Каманда ідзе ў шасці ачках ад зоны плэй-оф, а Літвінаў згуляў ва ўсіх 59 матчах і набраў 22 (12+10) ачкі – і гэта самы выніковы сезон у яго карʼеры.

Што тычыцца Ермачонка, сведчанняў пра яго дзейнасць пасля выбараў няма. А вось падчас перадвыбарчай кампаніі ў ліпені 2020-га ў Салігорску «амапавец» затрымліваў слесара-рамонтніка «Беларуськалія» Аляксандра Канановіча – зноў жа, таму што мужчына знаходзіўся «не ў тым месцы». Далей Ермачонак разам з «калегам» Канстанцінам Шкрэдавым выступілі сведкамі ў так званым «судзе» – цяперашні твар «Дынама» хлусіў, што прадставіўся Канановічу, а той нібыта ўпіраўся падчас затрымання, хаця на запісе з тэлефона мужчыны бачна, што ні першага, ні другога не адбывалася. Так званая «суддзя» Алеся Серадзенка прыняла аргументы Ермачонка нават без запісу з яго рэгістратара, які быццам бы знаходзіўся ў Мінску, і дала Канановічу пяць сутак арышту.

Пасля «суда» Канановіч чуў, як Ермаковіч тэлефанаваў камусьці і даваў справаздачу: «Каля суда сабралася шмат людзей, але гэта ўсё глупства. Там чатыры патрулі – справяцца». А потым «амапавец» адказваў за шлях Канановіча ў ізалятар – і мужчыну паклалі тварам у падлогу.

Той тэрмін стаў для Канановіча першым у жыцці. Пасля ён актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў, яшчэ некалькі разоў быў затрыманы, а ў студзені 2021-га далучыўся да стачкі на «Беларуськаліі». Пазней мужчыну звольнілі «за прагул». Каб пазбегнуць далейшых рэпрэсій, ён з жонкай і двума маленькімі сынамі паехаў у Германію. Ермачонак жа, як ужо зразумела, працягвае служыць у «АМАП» і нядаўна атрымаў званне «капітана».

Перад матчам спявала «афіцэрка», былога мужа якой шмат месяцаў катавалі ў калоніі

Перад матчам з «Ладай» хакеісты «Дынама» паўдзельнічалі ў піяры «сілавікоў», прыехаўшы на «Мінск-Арэну» на «міліцэйскіх» рэтрааўтамабілях, за рулём якіх сядзелі «супрацоўніцы».

Вакол арэны і ўнутры яе была арганізавана выстава амуніцыі, зброі, тэхнікі і іншых сродкаў, якія «сілавікі» шмат выкарыстоўвалі супраць непажаданых беларусаў.

А яшчэ перад матчам пад акампанемент «міліцэйскага» аркестра спявала Ганна Благава – яна выканала так званы «гімн» мінскай «міліцыі», а папросту песню «Мы там, где нужны» з усхваленнем «сілавікоў», словы якой напісала нявестка дыктатара Ганна Сялук.

Сумна вядомы факт: спявачка Благава – былая жонка Сяргея Гуня, які пасля 2020-га не стаў падтрымліваць яе «ведамства», а выступіў за перамены. У выніку два з лішкам гады Гунь правёў за кратамі, з гэтага тэрміну 200 дзён – у ШІЗА і ПКТ, дзе прайшоў такія катаванні, праз якія рэзаў вены. Сваю гісторыю ён расказваў Аляксандру Івуліну для YouTube-канала «ЧестнОК-LIVE».

Шайбу спусціў атрад, які забіў Тарайкоўскага, а ўкінуў – кіраўнік рэпрэсіўнай машыны

Стартавае ўкідванне на матчы «Дынама» з «Ладай» таксама аддалі «сілавікам». Спачатку па вяроўках на лёд спусціліся прадстаўнікі «спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам» «Алмаз». Адзін з іх быў з шайбай – і перадаў яе кіраўніку рэжымнага «МУС» Івану Кубракову. Той і ўкінуў – разам з маленькай дзяўчынкай у «форме».

«Алмаз» сумна вядомы збіццём непажаданых рэжыму людзей – прычым не толькі ў 2020-я, але і значна раней. Падчас пратэстаў 2020-га гэтае «фармаванне» закідвала пратэстоўцаў гранатамі. А ўвечары 10 жніўня, як паказала незалежнае расследаванне (афіцыйнага рэжым адэкватна не праводзіў), менавіта супрацоўнікі «Алмаза» застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага – удзельніка пратэстаў, які ішоў з паднятымі рукамі.

Кубракоў узначальвае «МУС» з канца кастрычніка 2020-га. Санкцыі ЕС і ЗША на яго наклалі яшчэ раней – у самы гарачы час пратэстаў Кубракоў узначальваў «сілавікоў» Мінска, асабіста распрацоўваў план падаўлення пратэстаў, з-за чаго і быў лагічна названы «адказным за кампанію рэпрэсій, адвольныя арышты, жорсткасць да мірных дэманстрантаў, гвалт да журналістаў». У рэжымнай Беларусі гэта ацанілі высока – а на пасадзе кіраўніка ўсёй рэпрэсіўнай машыны Кубракоў праціснуў узмацненне жорсткасці пакаранняў за пратэсты і ўказанне ў «законах» «легальнасці» выкарыстання зброі супраць дэманстрантаў (як быццам без гэтага «сілавікоў» нешта стрымлівала). Кіраўнік «МУС» да гэтага часу кажа, што прыярытэт яго ведамства – барацьба з «экстрэмізмам», якім яно ж нястомна абвяшчае ўсё непажаданае рэжыму.

З дапамогай ведамства Кубракова і іншых «сілавых» структур у Беларусі задушылі свабоду. У «Індэксе чалавечай свабоды», які складае інстытут CATO, Беларусь заняла 140-е месца – самае нізкае сярод еўрапейскіх краін. З 2020-га Беларусь рэгулярна апускаецца ў рэйтынгу вяршэнства права ад World Justice Project – да «выбараў» таго года наша краіна займала 69-е месца, а у кастрычніку 2024-га была ўжо 105-й – зноў жа, найгоршая пазіцыя па Еўропе. Прычым горш за ўсё як раз з «абмежаваннем паўнамоцтваў» – тут увогуле 138-е месца са 142.

Пасля перамогі «Дынама» над «Ладай» 15 тысяч заўзятараў (да аншлага не хапіла 84 чалавек) радаваліся і падпявалі зробленую традыцыйнай пасля перамог расійскую «Седую ночь». А выстаўленыя ля «Мінск-Арэны» машыны «МУС» «адзначылі» перамогу гучным гукам мігалак. Застаецца пажадаць тым, хто працягвае хадзіць на хакей, каб гэты гук ніколі не азначаў, што менавіта вы сталі чарговым, у адрас каго «сілавікам» далі каманду «фас», каб намаганнямі гэтых «герояў» на некалькі гадоў усе пазітыўныя эмоцыі змяніліся на катаванні і пакуты.

колясик
Не понимаю!Где перевод на Русский язык!
Адказаць
0

Іншыя пасты карыстальніка

Ілля Протас у Канадзе ішоў на рэкорд не Касціцына – аўтар не трапіў у НХЛ, затое ездзіў на АГ і замінаў камандзе Лукашэнкі
Сёння, 12:30
АБФФ суперлагічная па фінале Кубка: рэжым не даў, дзе хацелі, «Дынама» занятае невядома чым – тады адмова ад нейтральнага поля!
Учора, 17:30
1
Бага-старэйшы чакае новага выкліку: вучыць англійскую, марыць пра Еўропу, а чуткі адпраўляюць у Прыднястроўе
Учора, 12:30
1
Пасля трох гадоў у першай лізе экс-гулец зборнай Беларусі вярнуўся ў вышэйшую. Яму 37, але па лічбах – найлепшы ў амплуа
25 красавіка, 06:43
3
Кавалевіч у цудоўнай форме! Захапіўся нават Туміловіч
24 красавіка, 22:47
Чым футбалісты «Дынама» займаліся ў вольны час у момант зняволення ў Стайках? Паказаў малады паўабаронца клуба
24 красавіка, 18:47
В «Витебске» 4-й главный тренер за неполные 8 месяцев – нового нашли на дне ЧБ (и это не самый очевидный выбор)
23 красавіка, 15:21
У Д2 заляцеў «сухі ліст» – форвард «Баранавіч» забіў прамым ударам з кутняга
21 красавіка, 13:51
Ходить на минское «Динамо» в КХЛ, хоть за ним и стоят лукашисты, и на концерты Лепса, который за войну, – всё же норм?
21 красавіка, 03:12
Чуткі пра магчымае прызначэнне Гурэнкі ў расійскі клуб насмяшылі яго экс-партнёра. У кар'еры трэнера чорны адрэзак, але ён не сумуе
20 красавіка, 06:00
3
Спроба №5 Сабаленка – зноў палюе на аўто, за якім абяцала вяртацца бясконца, хаця магла б купіць дзясяткі такіх на прызавыя (іх ёй мала)
19 красавіка, 06:00
4
Клубы беларусов страдают в России: «Урал» Филипенко обвиняют в договорняке, «Химки» Капленко в долгах, ну и Гончаренко
18 красавіка, 17:00
3
Заўзятарка «Арыса» намалявала Шпілеўскага – беларус ацаніў
17 красавіка, 15:23
«Неман» забраковал этих игроков, а сейчас они решают за другие команды ЧБ
16 красавіка, 16:00
2
Нядаўна Чалядзінскі думаў даверыць Гутару біць пенальці, а цяпер можа і аштрафаваць – брамнік робіць шмат дурнога
15 красавіка, 13:00
Протас атрымаў вельмі непрыемную траўму – яго парэзалі каньком. У такіх інцыдэнтаў бываюць і больш сур'ёзныя наступствы
15 красавіка, 06:17
Шкурыну адшукалі двайніка ў Польшчы – той таксама выступае на стадыёнах
12 красавіка, 06:00
2
БАТЭ і «Гомель» згуляюць у рэтра-формах – адны прэзентавалі з легендамі, іншыя – на заводзе
11 красавіка, 15:14
Команда блогеров будет играть в Д3 Беларуси: вот на чем они собирают сотни тысяч просмотров
10 красавіка, 19:00
1
Два тренера из Беларуси близки к уходу из зарубежных клубов: один хочет сам, а вот к другому хватает вопросов
10 красавіка, 16:50
2
Усе пасты