За тыдзень, гуляючы ў хакей, памерлі два аматары ва ўзросце – Лукашэнка старэйшы за абодвух, але яму наўрад ці што пагражае
Супернікі вельмі далікатыня, а дапамога заўжды побач.
На мінулым тыдні ў аматарскім хакеі адбылося адразу дзве смерці. У Расіі падчас матчу памёр кіраўнік адміністрацыі Архангельскай вобласці Уладзімір Ананьеў. Цікава, што гэты чыноўнік нарадзіўся ўва Львове, але ўсё жыццё прапрацаваў у Расіі, а ў верасні 2022-га стаў адказным сакратаром прызыўной камісіі па мабілізацыі ў сваім рэгіёне.
29 сакавіка Ананьеў гуляў за каманду абласнога ўрада на гарадскім чэмпіянаце. У адным з эпізодаў ён упаў на лёд у спробе забраць шайбу, прычым без нейкага ўздзеяння з боку супернікаў. Падняцца Ананьеў не змог і з пляцоўкі яго выносілі на насілках. Пазней у адміністрацыі Архангельскай вобласці паведамілі пра смерць 66-гадовага кіраўніка.
Яшчэ адзін трагічны эпізод здарыўся ў аматарскім турніры ў ЗША. У адным з момантаў матча шайба прыляцела ў грудзі 64-гадоваму брамніку каманды «Кракен бірс». Пасля гэтага мужчына заявіў, што дрэнна пачуваецца, і сышоў з пляцоўкі. Праз некалькі хвілін ён паваліўся каля трыбун. Відавочцы кінуліся на дапамогу, выклікалі медыкаў, але выратаваць галкіпера не ўдалося.
Тым часам у Беларусі на мінулых выходных прайшоў паўфінал аматарскага турніру на прызы Аляксандра Лукашэнкі, дзе каманда дыктатара абгуляла (хто б сумняваўся) зборную Магілёўскай вобласці (9:3). 70-гадовы Лукашэнка – самы ўзроставы гулец сваёй каманды. Аднак перажываць за яго здароўе падчас хакейных матчаў наўрад ці варта. Супернікі супраць Лукашэнкі дзейнічаюць вельмі акуратна, пра што не аднойчы расказвалі самі.
«З ім, вядома, жорстка ніхто сябе не паводзіць. Ад сутыкненняў, натуральна, берагуць, але ён не любіць, калі яго прапускаюць без барацьбы, асабліва калі гуляе ў хакей. Мой таварыш Мішка Захараў, трэнер мінскага «Юнацтва» і ўрадавай каманды, неўзаметку робіць заўвагу падапечным, калі хто захопіцца і згуляе супраць Лукашэнкі занадта цвёрда», – распавядаў былы сябра каманды і былы брамнік футбольнага мінскага «Дынама» Іван Жэкю ў далёкім 2006-м.
Пра тое, што супраць Лукашэнкі забаронена гуляць у сілавы хакей, расказваў і былы варатар зборнай Беларусі Аляксандр Палукееў. Пры гэтым ён жа адзначаў, што ў палітыка добры кідок.
Цікавую гісторыю пра матчы супраць Лукашэнкі распавёў Курт Фрэйзер, які ўзначальваў зборную Беларусі з 2006 па 2008 год. Працуючы ў Беларусі, амерыканец браў удзел у выставачных матчах супраць каманды Лукашэнкі. У адным з іх ён выйшаў на ўкідванне супраць палітыка і вырашыў павітаць таго: пастукаў яму клюшкай па шчытках і сказаў: «Добрай раніцы! Як справы?». Пасля гульні Фрэйзеру растлумачылі, што так рабіць не варта.
На Калядных турнірах у 2019-м і 2020-м супраць дыктатарскай каманды гуляў самы выніковы ўкраінскі хакеіст у гісторыі НХЛ Дзмітрый Хрысціч. Форвард запэўніў, што перад матчамі ніхто не даваў інструкцый, як дзейнічаць супраць Лукашэнкі. Аднак сам Хрысціч зазначыў, што і «так было зразумела, што супраць чалавека ва ўзросце не варта гуляць жорстка».
Хаця аднойчы Лукашэнка падчас хакею ўсё ж прыляцела. У 2022 годзе клюшкай палітыку па твары заехаў гулец каманды Мінскай вобласці Арцём Пучкоўскі. Перад Лукашэнкам ён адразу выбачыўся, а суддзі выпісалі яму пакаранне ў чатыры хвіліны штрафу.
У апошніх жа матчах супернікі відавочна паддаюцца Лукашэнку. Ніжэй некалькі прыкладаў з апошніх гульняў ягонай каманды. Спачатку відэа са студзеньскага матча супраць Віцебскай вобласці (10:4). У гэтым эпізодзе бачна, што Лукашэнку ніхто не накрывае, калі ён атрымлівае шайбу. У выніку дыктатар, нетаропка павошкаўшыся, спакойна аддае перадачу, якая ператвараецца ў асіст. Яго прапагантысты назвалі гэта «эфектным асістам»:
А гэта эпізод з лютаўскага матча супраць каманды Магілёўскай вобласці (8:7). Лукашэнка спакойна прымае шайбу, нетаропка рухаецца да брамы, а супернікі проста глядзяць і не перашкаджаюць кінуць. Але нават такога піетэту не хапіла, каб пацэліць у плошчу варот (а брамнік не здагадаўся іх ссунуць!):
Цяпер некалькі эпізодаў з апошняга матчу лукашэнкаўскай каманды супраць Магілёўскай вобласці. У адным з эпізодаў супернікі зноў пакінулі састарэлага гульца аднаго перад варотамі і, калі той атрымаў шайбу, абсалютна не спяшаліся яго накрыць – 63-і нумар, які знаходзіўся бліжэй за ўсіх, увогуле вырашыў праехаць міма. У выніку Лукашэнка нанёс кідок, з якім без праблем справіўся брамнік.
А гэта галявая перадача Лукашэнкі, якую ён выканаў у адзін дотык. Праўда, на відэа бачна, што найбліжэйшы да яго супернік зноў выключыўся з гульні:
Цікава, што сам Лукашэнка ў 2021-м годзе заяўляў, што, маўляў, у яго лізе ў паддаўкі ніхто не гуляе. Сведчанні ўдзельнікаў і паўторы з матчаў паказваюць адваротнае.
А калі раптам узурпатар пачуецца кепска, то на гэты выпадак у яго картэжы прысутнічае рэанімабіль. З 2021 года ўстанова «Белтрансспецаўта», якая падпарадкавана адміністрацыі Лукашэнкі, закупіла не менш за пяць такіх машын. Дзве апошнія паступілі ў 2024-м – кошт кожнай склаў каля 380 тысяч долараў, што ў два-тры разы вышэй за сярэдні кошт рэанімабіля для звычайных беларускіх лякарняў.
Акрамя таго ў найбліжэйшым атачэнні палітыка прысутнічае доктар-рэаніматолаг Алена Казак, якая суправаджае яго ў розных паездках з 2016 года. У 2020-м яна ездзіла з Наталляй Эйсмант і Дзмітрыем Баскавым па дварах і зразала бел-чырвона-белыя стужкі. Па звестках BELPOL, тэлефон Казак засвяціўся на «плошчы Пераменаў» у вечар забойства Рамана Бандарэнкі.
Канешне, ёсць у суправаджэнні Лукашэнкі і асабісты лекар. Святлана Канашэнка суправаджае палітыка на шматлікіх афіцыйных і неафіцыйных мерапрыемствах – была з побач і падчас яго знакамітага выхаду з аўтаматам да сілавікоў у жніўні 2020-га.
А ў дадатак Канашэнка абслугоўвае сабаку Лукашэнкі па мянушцы «Умка». Цікава, што муж Канашэнка – былы хакеіст Павел Белы. Ён сам гуляў у камандзе дыктатара і ў нейкі час нават быў найлепшым бамбардзірам і найлепшым галявым асістэнтам Лукашэнкі.