У сацсетках беларусаў – хакейны вайб: перамогам «Дынама» над ЦСКА прысвяцілі песню, анекдот ды яшчэ нямала відэа
На саміх матчах не прапхнуцца, хаця цэны моцна задраныя.
3 красавіка мінскае «Дынама» нечакана разграміла ЦСКА (7:0), паўтарыўшы сваю рэкордную перамогу ў КХЛ. Дзякуючы гэтаму поспеху «зубры» выйшлі наперад у серыі да чатырох перамог (3-2) і цяпер у адным кроку ад гістарычнага прахода ў другі раўнд Кубка Гагарына.
Усе тры хатнія матчы серыі мінчукоў сабралі аншлагі, што і не дзіўна: у цяперашнім сезоне «Дынама» ўстанавіла новы рэкорд па колькасці солд-аўтаў.
Але трэба адзначыць, што заўзятараў не спынілі нават цэны на білеты, якія значна выраслі ў параўнанні з мінулагоднім плэй-оф. Больш за ўсё падаражэлі «ружовыя» білеты за аднымі з варот: год таму каштавалі 20 рублёў, а цяпер – 45, падвышэнне на 125%! Не нашмат адсталі і блізкія «чырвоныя» – падаражэлі ў два разы. Астатнія цэны падняліся на 31-66%.
Але, як і год таму, у плэй-оф на «Мінск-Арэне» аншлагі. А гледачы ў тым ліку ствараюць кантэнт для сацыяльных сетак. Вось так трыбуны «Мінск-Арэны» святкавалі 7:0 над ЦСКА (надпіс пра «пачуццё, як яго там» – гэта меметычны жарт).
Падчас матча таксама было гучна – калі прыйшло 5:0, уся арэна заспявала расійскую песню «Аргенціна-Ямайка», дзе распавядаюць пра такі ж лік.
Ну а пасля перамогі «Мінск-Арэна» традыцыйна для клуба праспявала яшчэ адну расійскую кампазіцыю «Сівая ноч».
У свеце канфліктаў па ходзе серыі, напрыклад, непрыгожы напад «армейца» Кірыла Даўжанкова на легіянера «зуброў» Крыса Цірні, у чацвер беларуская публіка сустракала масквiчоў гучным свістам – рэдкі выпадак, калі выказвала непрыязнасць да нечага расійскага.
Папярэдняй хатняй перамозе над ЦСКА адзін беларус нават прысвяціў песню. Відэа карыстальніка agro_blog ад 28 сакавіка набрала 77 тысяч праглядаў і 2,5 тысячы падабаек.
Ствараюць беларусы не толькі песні, але і анекдоты. Вось такі прыдумаў карыстальнік akipelov пра галоўнага трэнера ЦСКА Іллю Вараб'ёва – паглядзела амаль 52 тысячы чалавек:
Кантэнт заўзятары прысвячаюць і асобным героям супрацьстаяння. Так, расійскага брамніка Васіля Дземчанку, які стаў першым у гісторыі кіперам «Дынама» з матчам на нуль у Кубку Гагарына, карыстальніца drummer_jane параўнала з Ісусам. Тыкток набраў 34 тысячы праглядаў, пераважная частка каментатараў не шкадавала на кампліменты расiянiну.
Іншая відэа карыстальніцы ўвогуле набрало 208 тысяч праглядаў – яна параўнала ход матча з размiнкай гульца «Дынама» Крысцiяна Хенкеля, якi здзяйсняў рух тазам.
I па-за межамі лядовай арэны ў мінскага «Дынама» моцная падтрымка. Прагляд трансляцыі апошняга матча быў арганізаваны адразу ў трох месцах: клубным фан-доме ў ГЦ «Arena City», фудмоле і кінатэатры ГЦ «Galileo». Але нядрэнна беларусам заўзелася і дома: тыкток карыстальніцы the__kosmos, дзе яна заўзімаецца перад тэлевізарам з гучнымі крыкамi i ўдарамі па тумбе, набраў 86 тысяч праглядаў.
А адзін беларус дык увогуле глядзеў трансляцыю разгрома наўпрост падчас прагулкі з сям'ёй.
Карацей кажучы, у Мінску сапраўдны хакейны бум. З іншага боку, больш распіяраных спартыўных імпрэз у краіне і няма.