Запуцінец паўтарыў вялікі рэкорд НХЛ нашчадка ўраджэнцаў Беларусі: супернік адтуль павіншаваў на лёдзе, а партнёр – не
На тое была прычына.
Рэкорд па шайбах у рэгулярных сезонах НХЛ з 1994 года належаў Уэйну Грэцкі. Усяго за кар’еру ён закінуў 894 разы, правёўшы 1487 матчаў. Як вядома, карані Грэцкі – на тэрыторыі сучаснай Беларусі: у 1892 годзе жыхары вёскі Агдэмер, што цяпер у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці, Лаўрэнцій Грэцкі і яго жонка Настасся сталі бацькамі хлопчыка Цярэнція – дзеда будучага хакеіста.
І вось у ноч з 4 на 5 красавіка па беларускім часе расіянін Аляксандр Авечкін, заснавальнік Putin Team і дагэтуль адкрыты прыхільнік кіраўніка расійскага рэжыму Уладзіміра Пуціна, аформіў дубль за «Вашынгтон» у матчы супраць «Чыкага». А значыць, закінуў 894-ы раз у «рэгулярках» – прычым праводзіў 1486-ю сустрэчу (ВІДЭА).
Пасля паўтарэння рэкорду на лёд віншаваць Авечкіна высыпала ўся лаўка «Вашынгтона» – гульня спынілася на добрых пяць хвілін. Праўда, у кучы хакеістаў на лёдзе не было нумара 21 – Аляксея Протаса.
Але не падумайце – беларускі гулец не выказваў якога-небудзь пратэсту. У яго ўвогуле выдатныя адносіны з Авечкіным.
Проста так здарылася, што за некалькі хвілін да гістарычнай шайбы ў Протаса пасля сутыкнення ў чужых варот узніклі праблемы з нагой. Таму хакеіст сышоў у раздзявальню – адпаведна, прапусціў паўтарэнне рэкорду.
Затое Авечкіна на лёдзе павіншаваў беларускі хакеіст «Чыкага» Арцём Леўшуноў. Пры шайбах Авечкіна яго на лёдзе не было – і наогул абаронца не сышоў у «мінус», як гэта звычайна бывае ў яго першым сезоне НХЛ.
Але пасля матча расіяніна віншавалі ўжо абедзве каманды – і Леўшуноў дачакаўся сваёй чаргі, каб коратка паціснуць руку суперніку (адзнака 1:25).
Протас жа далучыўся да радасці ў раздзявальні. І трапіў на агульнае фота з Авечкіным і Грэцкі, які назіраў за паўтарэннем свайго рэкорду з віп-месцаў на трыбунах. Размясціўся беларускі хакеіст зусім недалёка ад рэкардсменаў.
У сваіх каментарыях канадзец толькі парадаваўся, што яго дагналі, і зрабіў своеасаблівую заяву наконт сваіх каранёў (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Агдэмер, канешне, на 100 з лішнім гадоў забрала сабе Расійская Імперыя, але як гэта можа змяніць паходжанне мясцовых жыхароў): «Мой дзед быў рускім, і ён быў бы рэальна рады, што рускі пабіў мой рэкорд».
