Пасля рэкорду Авечкіна Грэцкі назваў сябе рускім, украінцы лічаць яго ўкраінцам, але бацька легенды незадоўга да смерці выдаў базу
Дык беларус ці не?
Як бы хто ні ставіўся да заснавальніка Putin Team Аляксандра Авечкіна, але дата 6 красавіка 2025 года сапраўды ўвойдзе ў гісторыю сусветнага спорту. У гэты дзень расіянін пабіў рэкорд Уэйна Грэцкі, стаўшы найлепшым снайперам (895 шайбаў на сёння) рэгулярных чэмпіянатаў НХЛ за ўвесь час іх правядзення. Гістарычны гол здарыўся ў выязным матчы «Вашынгтона» супраць «Нью-Йорка» (1:4).
Беларус Аляксей Протас за дасягненнем партнёра назіраў з трыбун (прапускаў матч праз траўму) – і вельмі шкадуе, што не быў на лёдзе.
Протас атрымаў пашкоджанне ў гульні з «Чыкага» (5:3) Арцёма Ляўшунова. Тады ж Авечкін аформіў дубль і дагнаў Грэцкі па шайбах. Канадзец асабіста прысутнічаў на тым матчы і пасля яго даў каментар: «Я шчаслівы за Алекса. Мой дзядуля быў рускім. Ён быў бы вельмі рады, што рускі пабіў мой рэкорд, так што ён малайчына».
Заява экс-хакеіста, мякка кажучы, шмат каго здзівіла. Мы ўжо ў дэталях распавядалі пра паходжанне Уэйна. Яго дзеда па бацькоўскай лініі звалі Цярэнцій. Нарадзіўся ён 10 красавіка 1892 года ў сям'і жыхароў вёскі Агдэмер, што ў сучасным Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У той час гэты раён уваходзіў у склад Расійскай імперыі. На пачатку ХХ стагоддзя Цярэнцій пераехаў у Канаду, дзе развёўся з першай жонкай, якая вярнулася ў Беларусь, і пазнаёміўся з Марыяй – будучай мамай Уолтара, які стане бацькам Уэйна Грэцкі. Радзіма Марыі – украінская Церрнопальшчына. Па ўспамінах Уэйна Грэцкі, дзед Цярэнцій размаўляў на беларускай, а бабуля на польскай мове. Пры гэтым паміж сабой яны ўвогуле нібыта размаўлялі па-ўкраінску.
Уолтар Грэцкі падкрэсліваў беларускае паходжанне свайго бацькі Цярэнція, якога ў Канадзе сталі называць Тоні. Пры гэтым Радзімай маці ён называў увогуле Польшчу – і мае на тое пэўныя падставы: сучасная ўкраінская Цернопальская вобласць з 1815-га знаходзілася ў складзе Аўстрыі, нядоўга прабыла ў складзе Украінская народнай рэспублікі, а з 1918-га адышла да другой Рэчы Паспалітай.
Ёсць відэа, на якім Уолтар Грэцкі распавядае пра паходжанне сваіх бацькоў. Тату ён называе беларусам, які прыехаў у Штаты з «White Russia» – то бок Белай Русі. Здымкі адбыліся яшчэ ў снежні 2018 года, але ў сеціве відэа з'явілася літаральна на днях – праз два года пасля таго, як бацька хакейнай легенды адышоў у іншы свет.
Словы Грэцкі пра тое, што яго дзядуля быў рускім (а Уолтар Грэцкі пра рускіх у сям'і не сказаў ні слова), балюча ўспрынялі некаторыя ўкраінцы. Напрыклад, спартыўны журналіст і аўтар YouTube-канала «Бамбардзір» Раман Бебех пакінуў наступны твіт:
Яшчэ адзін украінскі спартыўны журналіст, а таксама рэжысёр Уладзімір Мула ў сваім інстаграме апублікаваў вышэйпрыведзенае відэа з Уолтарам Грэцкі. У подпісы ён назваў бацькоў Уолтара этнічнымі ўкраінцамі, а Брэсцкую вобласць, дзе знаходзіцца родная вёска Цярэнція Агдэмер, «гістарычнай украінскай зямлёй».
Тут варта патлумачыць, што Агдэмер ніколі афіцыйна не быў часткай Украіны. Вёска паслядоўна знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, Расійскай Імперыі, Польшчы, БССР і Беларусі. У студзені 1918-га была абвешчаная Украінская народная Рэспубліка. Дэлегацыя УНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919–1920 гадоў заяўляла правы на такія вось тэрыторыі:
У тым ліку на беларускія Брэст, Пінск, Любань, Жлобін, Гомель, Калінкавічы. Дзесьці на гэтых землях быў і Агдэмер. Аднак у такіх межах Украіну не прызнала большасць удзельнікаў канферэнцыі. А ўжо ў лістападзе 1920-га УНР фактычна спыніла існаванне – частка тэрыторыі адышла Польшчы, частка стала Украінскай савецкай сацыялістычнай рэспублікай, а асобныя рэгіёны ўвайшлі ў склад РСФСР, БССР, Чэхаславакіі і Румыніі.
Наогул, ва Украіне перыядычна заяўляюць прэтэнзіі на паўднёвыя тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, зусім нядаўна былы міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба назваў Брэст, Пінск, Гомель і Магілёў гістарычнымі ўкраінскімі землямі, маўляў, пасля аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў выніку падпісання Люблінскай уніі «польскі кароль адрэзаў паўночную частку», Валынь і Кіеўшчына адышлі да палякаў. Такая версія падзеяў не адпавядае рэчаіснасці, што разгорнута патлумачыла «Наша Ніва».
Што да заявы Грэцкі пра нібыта рускага дзеда, то, верагодна, канадскі хакеіст зрабіў яе проста на фоне эйфарыі поспеху свайго добрага знаёмага Авечкіна. Расіянін жа пасля паўтарэння рэкорду нават стаў на калена перад канадцам.
А яшчэ ў Грэцкі нядрэнныя адносіны з Дональдам Трампам, які, здаецца, таксама мае вялікі сантымент да Расіі. Стасункам хакеіста і палітыка не замінае нават тое, што апошні заяўляе пра жаданне зрабіць Радзіму канадца 51-м штатам ЗША. Палітык нават прапаноўваў былому хакеісту балатавацца на топ-пасаду ў Канадзе. «У мяне столькі цудоўных сяброў. Адзін з іх – вялікі Уэйн Грэцкі. Я сказаў яму: «Балатуйся на пасаду прэм'ер-міністра, ты пераможаш. Гэта зойме дзве секунды». Ён адказаў: «Я буду балатавацца на пасаду прэмʼер-міністра ці губернатара?» (смяецца). Я сказаў: «Не ведаю, няхай будзе губернатар. Мне так больш падабаецца», – заяўляў амерыканскі прэзідэнт, намякаючы на тое, што губернатарам Грэцкі будзе ўжо пад амерыканскім сцягам.
Акрамя таго Грэцкі наведваў інаўгурацыю Трампа па асабістым запрашэнні палітыка. За блізкія адносіны з амерыканскім прэзідэнтам канадца крытыкуюць на Радзіме, а ў сакавіку статую хакеіста ў Эдмантане закідалі фекаліямі. У гэтым жа горадзе мясцовыя жыхары запусцілі петыцыю пра перайменаванне вуліцы, названай у гонар Грэцкі.
Пры гэтым пасля пачатку вайны ва Украіне канадзец асудзіў расійскае ўварванне і нават заклікаў адхіліць Расію ад моладзевага чэмпіянату свету-2022.«Я думаю, што міжнародны хакей павінен сказаць: «Мы не дазволім ім гуляць на МЧС». Я думаю, што мы, канадцы, павінны заняць гэтую пазіцыю, паколькі матчы будуць праходзіць у Эдмантане».
Саму вайну ва Украiне Грэцкі называў «бессэнсоўнай».