У НХЛ далі маладому беларусу нечаканы кантракт – Протас і Касціцын пачыналі з меншых лічбаў пры лепшай статыстыцы
Чым пераканаў Андрэй Лашко?
«Сіэтл» з НХЛ даволі нечакана прапанаваў немалы кантракт навічка свайму беларускаму праспекту Андрэю Лашко. 20-гадовы форвард падпісаў трохгадовую двухбаковую дамову, якая ўступіць у сілу з наступнага сезона.
Сярэднегадавы заробак Лашко ў выпадку гульні ў НХЛ складзе 870 тысяч долараў (з іх 775 тысяч – базавая зарплата і 95 тысяч – падпісны бонус). У фарме «Сіэтла» ў АХЛ «Каачэле» Лашко за тры гады можа зарабіць сумарна 242,5 тысячы долараў (80 тысяч + 80 тысяч + 82,5 тысячы).
Чым жа заслужыў малады беларус такія грошы?
Хто такі хакеіст Лашко?
Выхаванец жлобінскага хакея пачынаў у беларускім Д2, дзе гулялі каманды з сістэмы зборных: з U-17 у сезоне-2019/20 набраў 35 (19+16) ачкоў у рэгулярцы, у наступным сезоне выступаў за U-18 – 16 ачкоў (10+6) у 38 гульнях.
Увесну 2021-го Лашко ездзіў на ЧС U-18. Там беларусы дайшлі да чвэрцьфіналу, у якім уступілі Расіі (2:5). Лашко прыняў удзел ва ўсіх матчах турніру, адзначыўся асістам супраць Латвіі (6:2) і голам супраць Канады (2:5).
У чэрвені 2021-га 16-гадовага Лашко абралi на імпарт-драфце CHL – арганізацыі, якая яднае тры асноўныя юніёрскія лігі канады. Пад 46-м пікам хакеiста ўзяў «Шыкуцімі» з QMJHL. Лашко паехаў за акіян, але праз цяжкасці афармлення дакументаў далучыўся да каманды са спазненнем, меў былі праблемы з мовай, а пасля таго, як правёў 12 гульняў, лігу прыпынялі з-за кавіда. У выніку атрымалася набраць 26 (16+10) балаў у 48 матчах.
Да наступнага сезона Лашко падышоў адказна: як расказваў сам, не паляцеў дадому, каб паўнацэнна прайсці з камандай перадсезонны кемп і пазбегнуць праблем з дакументамі, а яшчэ падцягнуў мову. У сукупнасці гэта прынесла вынік – беларус набраў 70 (22+48) ачкоў у 67 матчах, стаў найлепшым бамбардзірам каманды і ўвайшоў у топ-30 ва ўсёй QMJHL. А ўжо ў чэрвені 2023-га Лашко быў абраны на драфце НХЛ «Сіэтлам» пад 116-м пікам, пасля чаго прызнаўся, што здейснілася яго мара.
З «Сiэтлам» Лашко прайшоў летні лагер навічкоў і нават закінуў у двухбакоўцы, але затым ізноў адправіўся ў QMJHL, аднак ужо ў каманду «Руэн-Наранда». Там ён правёў сезон разам з яшчэ адным беларускім форвардам Даніілам Боўрашам. У тым розыгрышы яны былі ў топе бамбардзіраў каманды: Лашко стаў другім з 67 (28+39) баламі ў 64 матчах, Боўраш – чацвёртым з 59 (24+35) ачкамі ў 65 гульнях. «Руэн-Наранда» дайшла да чвэрцьфіналу плэй-оф. Лашко расказваў, што яны разам з Боўрашам гулялі таксама ў шутэр CS, а ў «паці» запрашалі іншых суайчыннікаў у Амерыцы: Антона Асташэвіча, Уладзіслава Шылу, Ціхана Чайку і Ягора Сідарава.
Перад цяперашнім сезонам шляхі Боўраша і Лашко разышліся. Першы вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў сезон за «Дынама-Маладзечна» ў Экстралізе. А Лашко застаўся за акіянам, але ўжо ў «Ніягары» з OHL (iншай лiзе з CHL). Там ужо ў дэбютным матчы аформіў пераможную шайбу ў браму «Брэнтфарда» (5:2).
У лістападзе Лашко аформіў хет-трык супраць «Су-Сен-Мары» (7:2).
А ў студзені набраў 4+1 у гульні з «Саджынау Спірыт» (7:2).
У выніку за сезон у рэгулярцы Лашко правёў 67 матчаў, зарабіў 70 ачкоў (34+36) – трэці паказчык у камандзе і топ-32 лігі. Ва Усходняй канферэнцыі «Ніягара» заняла сёмае (з 10) месца, выйшла ў плэй-оф, але там не змагла прайсці «Бары Кольтс» (1-4 у серыі). У плэй-оф на рахунку Лашко 5 гульняў, 6 (2+4) ачкоў, карыснасць «-4».
Вось такога перформанса хапіла, каб «Сіэтл» прапанаваў кантракт.
Якія кантракты навічкоў былі ў іншых беларусаў?
Параўнаем Лашко з іншымі беларускімі хакеістамі, якія прабіліся ў НХЛ праз паўночнаамерыканскія юніёрскія лігі. Для гэтага паглядзім на кэпхіт – гэта значыць сярэдні заробак па кантракце за поўны сезон у НХЛ.
Нечакана Лашко з кэпхітам у 870 тысяч долараў займае другое месца ў такім рэйтынгу – больш быў толькі ў Арцёма Леўшунова. Другі нумар драфту-2024, які дэбютаваў сёлета за «Чыкага», мае 975 тысяч долараў. Далей ідзе Ілля Салаўёў з «Калгары» (828333 долары) і Сяргей Касціцын, які па першым кантракце з «Манрэалем» атрымліваў у сярэднім за год 816667 долараў. Пры гэтым Касціцын перад тым разарваў OHL у сезоне-2006/07 – 131 (41+91) у 59 матчах рэгуляркі, 21 (9+12) у 16 гульнях плэй-оф ды вiцэ-чэмпіёнства з «Лондан Найтс» плюс прыз найлепшаму хакеісту плэй-оф.
Андрэй Касціцын, нагадаем, у «юніёрках» за акіянам не гуляў – прыехаў на першы кантракт у той жа «Манрэаль» з нашых шырот у 2004-м, а кэпхiт меў яшчэ меншы, 785333 долара. Хаця, канешне, тут трэба памятаць пра iнфляцыю – па некаторых ацэнках, долар быў тады даражэйшы за цяперашні на 60%.
У Аляксея Протаса ў «Вашынгтоне» і Уладзіслава Калячонка ў «Арызоне» на першых пагадненнях быў аднолькавы кэпхіт у памеры 789167 долараў. У Протаса перад кантрактам была таксама больш магутная статыстыка, чым у Лашко – цяперашні лідар «Вашынгтона» набраў за «Прынс Альберт» з WHL 80 (31+49) ачкоў за 58 гульняў.
Самыя нізкія кэпхіты былі ў Максіма Сушко ў «Філадэльфіі» (775 тысяч) і Рамана Грабарэнкі ў «Нью-Джэрсі» (600 тысяч). Але і гэтых грошай з трыма матчамі НХЛ на дваіх хлопцы, канешне, не ўбачылі.
Кантракты навічкоў таксама дзейнічаюць проста цяпер у яшчэ трох беларусаў з досведам паўночнаамерыканскіх «юніёрак», якія да НХЛ пакуль не дабраліся. Самы вялікі – 889167 долараў за год – мае праспект «Вашынгтона» Ілля Протас, які ў гэтым сезоне стаў другім бамбардзірам OHL, а цяпер са сваім «Віндзар Спітфайрз» рыхтуецца да чвэрцьфіналу плэй-офф.
У Ягора Сідарава з сістэмы «Анахайма» – 865 тысяч долараў. Ёсць яшчэ Дзмітрый Кузьмін з фарма «Вініпега» – 795556 долараў.