Протас атрымаў вельмі непрыемную траўму – яго парэзалі каньком. У такіх інцыдэнтаў бываюць і больш сур'ёзныя наступствы
А Грабоўскі атрымліваў падобнае ў распранальні.
Аляксей Протас працягвае аднаўляцца пасля траўмы. 5 красавіка беларускаму форварду «Вашынгтона» наступіў на нагу амерыканскі абаронца «Чыкага» Уайт Кайзер, з якім у пары не аднойчы ў пары вывхадзіў іншы беларус – Арцём Леўшуноў. Протас гульню не змог прадоўжыць – пакінуў лёд у суправаджэнні партнёраў, кульгаючы на левую нагу.
Як высветлілася пазней, у беларуса парэз. Протас нават дэманстраваў дзіравы канёк у адным з відэа (яшчэ на язычку звяртаюць на сябе ўвагу падазроныя барвяныя разводы):
Протас у бягучым сезоне – адзін з лідараў «Вашынгтона». У 76 матчах ён набраў 66 (30+36) пунктаў – трэці бамбардзірскі паказнік у камандзе. Акрамя таго беларус разам з Брэйдэнам Макнэбам з «Вегаса» дзеліць другі радок па карыснасці ва ўсёй лізе («+40») – наперадзе толькі Раян Макдона з «Тампы» («+44»).
Без Протаса «Вашынгтон» правёў чатыры гульні, у якіх перамог толькі аднойчы – «Караліну» 5:4 па булітах. А так былі паражэнні ад «Нью-Йорка» (1:4), «Каламбуса» (1:4) і зусім ганебныя для чэмпіёна Усходняй канферэнцыі ад таго ж «Каламбуса» 0:7. А яшчэ ў адсутнасць Протаса «Вашынгтон» пазбавіўся шанцаў на Прэзідэнцкі Кубак, які ўручаюць камандзе, якая набрала самую вялікую колькасць пунктаў у рэгулярным чэмпіянаце – «Вініпег» іх мае 114 і для «Кэпіталз», у якога на сёння 109, ужо недасяжны.
У астатніх матчах рэгуляркі каманда Протаса сканцэнтраваная на падрыхтоўцы да плэй-оф, які пачнецца 19 красавіка. Супернікам «Вашынгтона» стане або «Манрэаль» (88 пунктаў), або ўсё той жа «Каламбус» (85). Абедзвюм камандам да канца чэмпіянату засталося правесці па два матчы.
Першапачаткова паведамлялася, што беларус можа вярнуцца да гульні з «Калабусам», якая адбылася 14 красавіка, але ў ёй ён не згуляў, хаця катацца пачаў яшчэ 12 красавіка. Галоўны трэнер «Вашынгтона» Спенсэр Карберы пакуль не называе дакладных тэрмінаў вяртання беларуса, але спадзяецца, што адбудзецца тое ўжо на гэтым тыдні. Адзначым, што «Вашынгтону» ў рэгулярным чэмпіянаце засталося згуляць з «Нью-Йоркам» (16 красавіка) і з «Пітсбургам» (18-га).
Парэз у хакеі – траўма не вельмі распаўсюджаная, пра што кажа сам Протас. Аднак часта такія пашкоджанні з'яўляюцца вельмі небяспечнымі. А ў некаторых сітуацыях нават нясуць пагрозу жыццю – усё залежыць ад хуткасці аказання першай дапамогі і кампетэнтнасці лекараў. Здараліся нават смяротныя зыходы. Вось некалькі прыкладаў.
Развітваўся з жыццём, але вярнуўся на лёд праз 10 дзён
Адна з самых жудасных траўмаў у НХЛ, звязаная з парэзам, здарылася ў сакавіку 1989-га. Форвард «Сэнт-Луіса» Стыў Татл у падзенні зачапіў каньком шыю брамніка «Бафала» Клінта Маларчука. Лязо перарэзала кіперу ярэмную вену – кроў шчыльным струменем хлынула на лёд.
«У той момант я зразумеў, што адбылося нешта страшнае. Але болі ўсё яшчэ не было. Я чакаў яе. У рэшце кроў з мяне лілася ракой. Вось як, Клінт. Вось як ты памрэш. Сёння. Проста тут. У Бафала. Менавіта гэтыя думкі наведвалі мяне, пакуль я глядзеў, як кроў залівае лёд», – пазней апісваў тыя падзеі гулец украінскага паходжання.
Брамнік выжыў дзякуючы прафесіяналізму доктара «Бафала» Джыма Піцутэлі. Спецыялісту, які ў свой час прайшоў вайну ў В'етнаме, спатрэбілася 14 секунд, каб аказацца на лёдзе і пераціснуць вену. Затым брамніка даставілі ў бальніцу, дзе наклалі 300 швоў. Як пазней паведамлялася, Маларчук страціў прыкладна паўтара літра крыві. Падчас аперацыі брамнік нейкі час знаходзіўся ў прытомнасці.
«Паколькі рана аказалася справа, доктар адвярнуў маю галаву налева, каб я не бачыў усю гэтую кроў. Але я і так разумеў, што страціў ужо дастаткова. Я хацеў, каб запрасілі капелана, каб ён прачытаў малітву. Таксама перакінуўся парай фраз з нашым менеджарам па экіпіроўцы, Рыпам Сімонікам, і папрасіў патэлефанаваць маёй маме ў Калгары і сказаць ёй, што я яе люблю», – успамінаў Маларчук.
На шчасце, аперацыя прайшла паспяхова і ўжо праз дзесяць дзён брамнік выйшаў на лёд. Але наступствы траўмы нагналі пазней – пасля завяршэння кар'еры ў Маларчука пачалася дэпрэсія, праблемы з алкаголем, а лекары дыягнаставалі яму посттраўматычны стрэс. У кастрычніку 2008-га экс-спартсмен нават спрабаваў застрэліцца, але і тут выжыў. У выніку Маларчук адкрыта прызнаў свае праблемы і пачаў курс лячэння. У 2014-м выпусціў аўтабіяграфію «Шалёная гульня». Цяпер 63-гадовы экс-галкіпер выступае з лекцыямі і дапамагае людзям з псіхічнымі праблемамі.
Парэз са смяротным вынікам
У кастрычніку 2023-га свет патрэсла навіна – ад парэзу, атрыманага падчас матчу, памёр экс-хакеіст «Пітсбурга» Адам Джонсан. Амерыканец атрымаў фатальны ўдар падчас брытанскага Кубка выкліку, у якім яго «Нотынгем Пантэрс» гуляў супраць «Шэфілд Стылерс». Абаронца Мэт Пэтгрэйв уляцеў каньком у шыю Джонсана:
Пасля сутыкнення Джонсан самастойна падняўся з лёду і накіраваўся ў бок лаўкі запасных. Яго даставілі ў лякарню, але не выратавалі – 29-гадовы хакеіст памёр.
Пэтгрэйва пасля інцыдэнту арыштавалі, але потым выпусцілі пад заклад. У снежні 2023-га на смерць Джонсана адрэагавалі ў міжнароднай федэрацыі – абавязалі ўсіх хакеістаў насіць абарону на шыі.
Небяспечны парэз наносіў экс-хакеіст мінскага «Дынама»
У лістападзе 2015-га каньком шыю суперніка зачапіў былы гулец мінскага «Дынама» Ладзіслаў Надзь. У тым сезоне славацкі форвард выступаў за «Слован». У матчы супраць «Югры» ён спатыкнуўся аб клюшку абаронцы супернікаў Віталя Сітнікава і ў падзенні парэзаў таму шыю.
Сітнікаў хутка сарыентаваўся – паехаў на лаўку, дзе яму аказалі дапамогу, а затым накіравалі ў лякарню, адкуль ужо на наступны дзень выпісалі. Доктар «Югры» Аляксей Анісімаў пазней казаў, што хакеісту пашкодзілі толькі скуру, падскурную сятчатку і невялікія судзіны. Таму з наступстваў у Сітнікава застаўся толькі шрам.
Надзь выступаў за «Дынама» ў сезоне-2011/12 – правёў 12 сустрэч у рэгулярцы, набраў 5 (1+4) пунктаў. У плей-оф за чатыры матчы выніковымі дзеяннямі не вызначыўся і пасля заканчэння сезона пакінуў каманду.
У гэтым сезоне КХЛ атрымаў расіянін, якога хацелі бачыць у беларускай зборнай
У канцы трэцяга перыяду кастрычніцкага матча паміж «Сочы» і ЦСКА нападнік масквічоў Віталь Абрамаў трапіў каньком у твар былому абаронцу жлобінскага «Металурга» Даніілу Макрушаву. У выніку інцыдэнту хакеіст застаўся без некалькіх зубоў і атрымаў разрыў губы, што запатрабавала накладання швоў.
Вось так ён выглядаў у распранальні пасля інцыдэнту:
Макрушаў выступаў за Жлобін у сезоне 2021/22. Агулам у рэгулярцы і плей-оф правёў 71 матч, набраў 43 (10+33) пункты і выйграў са жлобінцамі чэмпіянат Беларусі. У лістападзе 2021-га Крэйг Вудкрафт выклікаў абаронцу на трэнавальны кэмп зборнай Беларусі, хаця той не меў беларускага пашпарта. Сам Макрушаў у інтэрв'ю казаў, што з задавальненнем будзе гуляць за беларускую зборную. Праўда, далей за адзін кэмп справа не пайшла.
Нязграбны парэз Грабоўскага
Сезон 2006/07 стаў дэбютным для беларускага форварда за акіянам. У НХЛ ён правёў усяго тры матчы за «Манрэаль», а большую частку гульнявой практыкі атрымліваў у «Гамільтане» з АХЛ. У красавіку каманда ўжо гарантавала сабе ўдзел у Кубку Колдэра, як раптам Грабоўскі атрымаў недарэчную траўму.
«Міша прыйшоў у распранальню каманды за гадзіну да гульні, каб спакойна падрыхтавацца да матчу. Падчас размінкі ён паслізнуўся і зваліўся на канёк. Ды так няўдала, што лязом парэзаў далонь. Рана паміж вялікім і ўказальным пальцам была настолькі глыбокая, што прыйшлося рабіць аперацыю», – казаў бацька Грабоўскага Юрый.
У выніку на аднаўленне хакеісту спатрэбілася каля двух тыдняў – паспеў якраз да плэй-оф. «Хэмільтан» тады выйграў Кубак Колдэра, а Грабоўскі ў 20 матчах плэй-оф набраў 11 (4+7) пунктаў.