Шаранговіч лічыць, што ў гэтым сезоне зрабіў крок назад – а ў апошнім матчы яшчэ і зламаў нагу (але спакойна можа хадзіць)
Трэнер сказаў, што беларусу трэба рабіць.
У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ другі год запар абнаўляецца беларускі рэкорд па пунктах. Калі ў розыгрышу-2023/24 Ягор Шаранговіч з «Калгары» перабіў на 1 пункт (59 супраць 58) дасягненне Міхаіла Грабоўскага, якое трымалася 13 гадоў, то сёлета новым рэкардсменам стаў 24-гадовы форвард «Вашынгтона» Аляксей Протас. Ён скончыў рэгулярку з 66 (30+36) пунктамі ў 76 матчах.
Тым часам у леташняга рэкардсмена адбыўся моцны рэгрэс. Распавядаем пра лічбы і як развіваліся падзеі.
Перад сезонам атрымаў непрыемную траўму, якая сапсавала старт
У сезоне-2023/24 Шаранговіч стаў не толькі новым беларускім рэкардсменам, але і другім бамбардзірам «Калгары» – і гэта ў дэбютным сезоне пасля абмену з «Нью-Джэрсі». На гэтай хвалі клуб выпісаў нападніку рэкордны кантракт сярод усіх беларусаў, якія калі-небудзь гулялі ў лізе.
Відавочна, чаканні ў менеджмента «Флэймз» ад Шаранговіча ў новым розыгрышу былі вялікія, але перад самым стартам адбылося непрыемнае. У апошнім матчы перадсезонкі супраць «Вініпега» беларус атрымаў траўму, калі супернік няўдала прызямліўся на яго нагу падчас падзення.
Пра характар траўмы не паведамлялася, але ў выніку Шаранговіч прапусціў сем першых матчаў (5 перамог, 2 паразы) «Калгары» ў НХЛ. А калі вярнуўся ў склад, то першым галявым дзеяннем адзначыўся толькі ў пятай для сябе гульні. Увогуле гэта быў вельмі дрэнны пачатак сезона: да новага года форвард набраў толькі 9 пунктаў у 29 матчах.
Адной прычын скамечанага старту Шаранговіча маглі быць і дзеянні галоўнага трэнера «Флэймз» Раяна Хаска – той даваў занадта вялікі айстайм гульцу, які толькі аднавіўся пасля траўмы, і ўвесь час перакідваў са звяна ў звяно. Тым часам некаторыя паўночнаамерыканскія журналісты казалі пра неабходнасць перавесці Шаранговіча ў запас ці ўвогуле абмяняць.
Пад экватар НХЛ трымаў тэмп Протаса, але нядоўга
4 снежня распачалася антырэкордная безгалявая серыя Шаранговіча ў НХЛ – доўжылася яна 15 матчаў і скончылася больш як праз месяц (14 студзеня 2025 года).
Але пад сярэдзіну рэгуляркі НХЛ і з пачаткам новага года намеціўся пазітыў. За 11 першых матчаў 2025-га Шаранговіч набраў 8 (3+5) пунктаў. На той момант гэта была амаль палова (47%) усіх яго пунктаў у сезоне.
Падчас гэтага ўсплёску нападнік «Калгары» трымаў амаль такі ж тэмп набору балаў за адну гульню, як і Протас (0,72 супраць 0,75). Здавалася, што Шаранговіч паўторыць трук, які праварочваў у найлепшым за «Нью-Джэрсі» сезоне-2021/22: тады ён меў 13 пунктаў да новага года, а ў выніку давёў справу да 46 балаў.
Але тое быў усплёск. За 12 наступных матчаў Шаранговіч выбіў толькі 2+3. А 7 лютага распачалася новая сумная серыя: 0 галоў і толькі 1 галявая перадача за 6 матчаў. Пасля гэтага Шаранговіч упершыню ў сезоне не трапіў у заяўку з немедыцынскіх прычынаў – прапусціў прайграны матч з «Каралінай» 2 сакавіка (2:1 АТ).
– Тое, што Шаранговіча выкраслілі са складу, трэба было зрабіць даўно, і гэта апраўдана. Проста гэта быў не яго год – яго добрыя гульні былі рэдкімі, а ў апошні час зусім адсутнічалі, – пракаментаваў рашэнне журналіст Daily Faceoff Майк Гулд.
Праз тры дні беларус вярнуўся ў заяўку і ўпершыню за месяц адзначыўся голам: закінуў чацвёртую шайбу «Філадэльфіі», якая аказалася пераможнай (6:3). Але далей ізноў усё было сумна. 9 матчаў са статыстыкай 0+1 – і адсутнасць у заяўцы на матч з «Даласам» (2:5) 28 сакавіка.
Да канца рэгуляркі заставалася 11 гульняў. Пасля рэкорда-2023/24 Шаранговіч з 24 (12+12) пунктамі ў 62 сустрэчах заходзіў на найгоршы ў энхаэлаўскай кар'еры сезон.
Зноў акрыяў – з дзіўнай прычыны. Але клубу гэтага не хапіла
На фінішы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Калгары» вёў барацьбу з «Сэнт-Луісам» за пуцёўку ў плэй-оф. Супрацьстаянне доўжылася ажно да перадапошняй гульні ў сезоне, і на гэтым важным для «Флэймз» адрэзку Шаранговіч ізноў ачуняў – выдаў 8 (5+3) пунктаў за 11 апошніх матчаў чэмпіянату.
14 красавіка аформіў дубль у браму «Сан-Хасэ», які прынёс клуб важную перамогу (заставалася яшчэ два матчы да канца рэгуляркі), а самога Шаранговіча зрабіў трэцім у гісторыі беларусам са 100+ шайбамі ў НХЛ.
– Я пачаў есці ласося, а не курыцу, з рызота перад гульнямі. Проста жонка сказала, што мне варта паспрабаваць нешта іншае. Я паспрабаваў адзін раз, гэта працуе, і проста пакінуў такі рацыён, – пракаментаваў Шаранговіч змены на фінішы.
Але клубу гэтага аказалася мала. Няхай у наступным матчы 16 красавіка «Калгары» перамагло «Вегас», у той жа дзень пуцёўку ў плэй-оф забраў «Сэнт-Луіс», які разграміў «Юту» і скончыў рэгулярку з 96 баламі.
«Флэймз» мелі шанцы зраўняцца з супернікам па пунктах у апошнім для сябе матчы сезона, але ўсё роўна не праходзілі ў постсезон праз меншую колькасць перамог у асноўны час (30 супраць 32). У выніку так і атрымалася – дзякуючы 5:1 з «Лос-Анджэлесам» 18 красавіка па пунктах была здабытая раўнавага, але гэта ўжо ні на што не ўплывала.
Перамогі ў асноўны час – слупок RW
«Калгары» трэці сезон запар застаўся без плэй-оф, а яшчэ паўтарыў рэкорд НХЛ па колькасці пунктаў (96) сярод каманд, якія не прайшлі ў плэй-оф. Раней такое здаралася з «Бостанам» (2014/15), «Флорыдай» (2017/18) і «Манрэалем» (2018/19). Сумны канец сезона для «Флэймз». Дрэнна ён скончыўся і для Шаранговіча.
Атрымаў пералом нагі ў апошнім матчы
У матчы супраць «Лос-Анджэлеса», які скончыўся перамогай 5:1, Шаранговіч адзначыўся асістам на трэці гол. І то было апошняе галявое дзеянне форварда ў сезоне.
Як стала вядома пазней, у матчы беларус, які правёў на лёдзе 15.21, атрымаў чарговую траўму. Журналіст Sportsnet Пэт Стэйнберг са спасылкай на генменеджара «Калгары» Крэйга Канроя паведаміў, што ў Шаранговіча дыягнаставалі пералом нагі. Наколькі сур'ёзны – невядома. Але жонка хакеіста выклала ў Instagram відэа, на якім Шаранговіч спакойна ступае на пашкоджаную нагу (на ёй ёсць адмысловы бот для фіксацыі).
Гулец сезонам незадаволены, галоўны трэнер даў параду
Пяты сезон у НХЛ Ягор Шаранговіч скончыў з 32 (17+15) пунктамі ў 73 матчах. Менш было толькі ў дэбютным і ў апошні год у складзе «Нью-Джэрсі» – 30 пунктаў ў 2020/21 і 2022/23.
У той жа час відавочны рэгрэс у параўнанні з мінулым рэкордным сезонам: форвард набраў толькі 54% ад паказніка мінулага сезона.
GP – матчы, G – галы, A – асісты, P – ачкі
– У гэтым годзе я, напэўна, зрабіў крок назад. Але лічу, што гэта быў някепскі сезон у выкананні «Калгары». Мы на правільным шляху, – падсумаваў Шаранговіч.
А вось што пра яго сезон сказаў галоўны трэнер «Калгары»:
– Калі Ягор вернецца, адзіная рэч, на якой ён павінен засяродзіцца – праца з шайбай. Мы бачылі ў апошніх 10 гульнях сезона, што бывае, калі ён добра з ёй працуе. Гэта было падобна да таго, што мы бачылі ў мінулым годзе.
Адзіны спосаб, каб шайба была ў яго на клюшке, – больш ёю валодаць. Яму трэба быць больш канкурэнтназдольным у барацьбе, каб мець больш магчымасцяў вызначыцца. Калі шайба ў Шаранговіча, ён вельмі небяспечны гулец, які можа рэалізаваць кідок, – заявіў Раян Хаска.