Ілля Протас у Канадзе ішоў на рэкорд не Касціцына – аўтар не трапіў у НХЛ, затое ездзіў на АГ і замінаў камандзе Лукашэнкі
Протас-малодшы ведае пра гэтага чалавека, а вы, магчыма, і не.
Ілля Протас правёў магутны сезон у OHL – юніёрскай лізе канадскай правінцыі Антарыа. 18-гадовы форвард у складзе «Віндзара» набраў 149 (55+94) ачкоў у 73 матчах з улікам «рэгуляркі» і плэй-оф. У апошнім здарыўся ранні вылет – у чвэрцьфінальнай серыі з «Кітчэнерам» «Віндзар» вёў 3-0 па матчах, але ў выніку саступіў 3-4.
Протасу зусім крыху не хапіла да Сяргея Касціцына, які ў сезоне-2006/07 выбіў 152 (49+103) балы ў 75 гульнях за «Лондан Найтс» у OHL. Але, як высветлілася, не ён адзін застаецца арыенцірам для беларускіх гульцоў у CHL, аб’яднанні найлепшых канадскіх юніёрскіх ліг. І імя другога хакеіста з Беларусі, які бліскаў у канадскай «юніёрцы», вы можаце і не ведаць. Раскажам пра яго падрабязней.
Аляксей Ложкін у «Шыкутумі»
Аляксей Ложкін падаваў вялікія надзеі. Выхаванец мінскага «Юнацтва» застаў першынство Савецкага Саюза, дзе дэбютаваў у дарослым хакеі за гродзенскі «Прагрэс-ШВСМ» з Д2, выклікаўся ў зборную СССР U-17. Пасля «Прагрэсу» Ложкін гуляў за наваполацкі «Хімік» яшчэ ў савецкім Д3 і мінскае «Дынама» (якое па ходзе стала «Цівалі»). У складзе апошняга выйграў першы суверэнны чэмпіянат Беларусі, дзе ў каманды было толькі тры супернікі.
У працэсе Ложкін аказаўся ў скліканні першай у гісторыі беларускай зборнай U-20. Той камандай кіраваў Анатоль Варывончык, а ў складзе хапала будучых зорак белхакея: Андрэй Мезін, Руслан Салей, Аляксандр Андрыеўскі, Дзмітрый Панкоў і іншыя. Аднак з першай спробы падняцца з самага дна ў дывізіён «С» у беларускай «моладзеўкі» не атрымалася – саступілі Украіне (0:3) і Казахстану (0:4). Затое ў апошнім матчы, які ўжо нічога не вырашаў, каманда Варывончыка ўдосталь пакуражылася над літоўцамі – 19:0. Ложкін увайшоў у гісторыю як аўтар першай шайбы ў гісторыі зборнай U-20, а ўсяго ў тым паядынку набраў 5 (3+2) ачкоў.
А далей Ложкін стаў першым гульцом з Беларусі, абраным на імпарт-драфце CHL. Новай камандай форварда стала «Шыкутумі» з QMJHL (ліга правінцыі Квебек). Гэтая ліга ўваходзіць у CHL разам з OHL і WHL (Заходняя хакейная ліга). Па выніках кожнага сезона тры пераможцы ліг змагаюцца за галоўны трафей CHL – Мемарыяльны кубак.
У сезоне-1993/94 пераможцам QMJHL стаў «Шыкутумі». А Ложкін, паводле статыстычных сайтаў, за «рэгулярку» і плэй-оф сумарна набраў 149 (49+100) ачкоў у 93 матчах. Плюс быў розыгрыш Мемарыяльнага кубка – «Шыкутумі» не выйграў, але Ложкін за чатыры сустрэчы набраў яшчэ 3 (1+2) вынiковых балы. А значыць, выніковы паказчык склаў 152 (50+102) ачкі – а дзякуючы колькасці шайб Ложкін пры роўнасці ачкоў застаецца вышэй у рэйтынгу, чым Касціцын-старэйшы.
У сваім топ-сезоне Ложкін патрапіў у зборную найлепшых навiчкоў лігі і стаў найлепшым асістэнтам плэй-оф (33 перадачы). Як можна здагадацца, Ложкін – першы беларускі хакеіст, які выйграў канадскі юніёрскі чэмпіянат, а пасля ўдзельнічаў у розыгрышы Мемарыяльнага кубка. І да гэтага часу застаецца адзіным з Беларусі, каму ўдалося набраць ачкі ў гэтым кубку. У 2019-м Аляксей Протас і Сяргей Сапега ўдзельнічалі ў турніры на правах пераможцаў WHL c «Прынс-Альбертам», але галявымі дзеяннямі не адзначыліся.
А яшчэ Ложкін – адзіны беларускі гулец, якому ў рамках CHL скарылася адзнака ў 100 ачкоў у двух сезонах запар. У сезоне-1994/95 форвард заставаўся ў «Шыкутумі» і за «рэгулярку» плюс плэй-оф набраў 112 (49+63) ачкоў у 68 гульнях.
У 1995-м Ложкін падняўся вышэй узроўнем – стаў гульцом «Фрэдэрыктан Канадыенс» з АХЛ, фарм-клуба «Манрэаля». Праўда, у НХЛ форвард так і не згуляў. Затое ў другой па сіле лізе Амерыкі правёў чатыры сезоны. Самым паспяховым для яго быў чэмпіянат-1996/97 – выбіў 89 (33+56) балаў за 79 матчаў «рэгуляркі», стаў найлепшым бамбардзірам каманды і патрапіў у зборную ўсіх зорак лігі. Сумарна ж за «Фрэдэрыктан Канадыенс» найграў 293 матчы з улікам рэгулярнага чэмпіянату і плэй-оф, у якіх набраў 226 (91+135) ачкоў.
За гэты час Ложкін паспеў з’ездзіць на некалькі буйных турніраў са зборнай Беларусі. У 1997-м дапамог камандзе Анатоля Варывончыка выйграць Д2 ЧС – набраў 5 (3+2) ачкоў у чатырох матчах. У тым жа годзе зрабiў унёак у пераадоленне алімпійскай кваліфікацыі – 6 (3+3) ачкоў за чатыры матчы. На АГ-1998, тых самых, дзе Лукашэнка тлумачыў зборнай, як дзейнічаць на «пятачку» супраць канадцаў, згуляў у сямі сустрэчах і набраў два асісты. На ЧС-1998 вызначыўся адной шайбай у шасці матчах. Усяго за зборную Ложкін правёў 34 матчы, набраў 19 (11+8) ачкоў.
У 1999-м форвард вярнуўся ў Еўропу. Прычым у першым постамерыканскім сезоне паспеў згуляць за брытанскі «Манчэстэр Шторм», а яшчэ па пары матчаў правесці за «Юнацтва» з яе фармам і фінскі «Пеліканс». Потым паехаў у расійскі «Амур», а ў сезоне-2001/02 засвяціўся як у расійскім «Металургу» Навакузнецк, так і ў дацкім «Фрэдрысхафене». А вось наступныя восем сезонаў да канца кар’еры гуляў толькі за беларускія клубы: «Юнацтва», «Керамін», мінскае «Дынама» (у апошнім сезоне перад КХЛ) і жлобінскі «Металург». З «Керамінам» у 2004-м стаў пераможцам апошняга турніру УЕХЛ (Усходне-еўрапейскай хакейнай лігі).
У сваім апошнім прафесійным сезоне Ложкін паўдзельнічаў у аматарскім турніры. Падумалі пра каманду Лукашэнкі? Правільна, але не да канца. Не паверыце: вясной 2009-га прафесіяналаў да сябе вырашылі прыцягнуць супернікі дыктатара, каманда Гомельскай вобласці. І гэта прынесла поспех – у фінале, нягледзячы на набраныя асабіста Лукашэнкам 1+2, «гамяльчане» сталі першай беларускай камандай, якая абыграла лукашэнкаўцаў (9:8), і забралі трафей сабе.
На наступны дзень галоўны трэнер пераможцаў Яўген Лебедзеў пазбавіўся аналагічнай пасады ў «Металургу». Пры гэтым коўч ніякай сувязі гэтага з перамогай над Лукашэнкам не бачыў. Ложкін жа праз гады, можна сказаць, «вярнуў даўжок» рэжыму, пакінуўшы подпіс пад лістом за Лукашэнку.
У 2010-м Ложкін завяршыў гульнявую кар’еру, а пазней стаў трэнерам. Працаваў асістэнтам у зборнай Эстоніі, у літоўскай «Балтыцы», займаў тую ж пасаду ў другой і першай камандах «Шахцёра». А з 2019-га працуе ў сістэме зборных Беларусі, дзе адным з яго падапечных быў якраз Ілля Протас, які цяпер не змог пабіць заакіянскі рэкорд Ложкіна.
Цяпер Ложкін адначасова ўзначальвае каманду U-16 і працуе асістэнтам у Сцяпана Панамарова ў U-18. У апошняй трэнерам брамнiкаў працуе Аляксандр Ходзін, якога вы можаце памятаць па вялізнай барадзе. Цікава, што ён, як і калега, датычны да ўнутранай хакейнай паразы Лукашэнкі – другой і пакуль што апошняй. У 2013-м у паўфінале таго ж аматарскага турніру Ходзін цягнуў у варотах каманды Брэсцкай вобласці, якая спыніла лукашэнкаўцаў (5:4).
Праўда, у фінале Ходзін з калегамі саступілі камандзе Мінскай вобласці. А сам кіпер, як і Ложкін, у 2020-м падпісаўся за рэжым.