Ён – магістрант, яна – былая сцюардэса. Цікавае пра аднаго з самых закрытых беларусаў НХЛ і яго сям'ю
Да сына ўжо дакрануўся рэкардсмен Авечкін.
Беларускі абаронца «Пітсбурга» Уладзіслаў Калячонак практычна не вядзе сацсеткі і не дае інтэрв'ю. Чым ён жыве – сказаць цяжка. Але некаторыя цікавосткі пра хакеіста знайсці можна.
Бацькі прывялі ў хакей для аздараўлення
– У дзяцінстве я шмат хварэў, і бацькі для аздараўлення прывялі мяне ў секцыю па хакеі. Мне спадабалася, сказаў, што не збіраюся сыходзіць, хаця да гэтага наогул не цікавіўся хакеем, – распавядаў Калячонак у 2018-м.
Яшчэ хлопец дадаваў, што амаль адразу нацэліў сябе на тое, што будзе не проста катацца, а імкнуцца да выніку.
Хацеў быць міліцыянтам і псіхіятарам
Анатоль Калячонак, бацька спартсмена, працуе ў лукашэнкаўскай міліцыі (чым займаецца, энхаэлавец публічна не распавядаў). Праз службу сям'я некаторы час нават жыла ў Жодзіне.
Затое хакеіст казаў, што ў дзяцінстве думаў пайсці шляхам бацькі. Зрэшты, меліся і альтэрнатыўныя жаданні. Стандартнага лётчыка дапаўняла штосьці зусім незвычайнае.
– Хацеў быць доктарам-псіхіятрам. Цікава працаваць з людзьмі з асаблівасцямі. Калі выпадала некалькі разоў мець з імі зносіны, мяне гэта зачапіла, стала цікава. Гэтыя людзі адчуваюць адзіноту, я мог бы дапамагчы, – быў перакананы Калячонак.
Выбраўся з ямы ў ВНУ і атрымлівае ступень магістра
Улетку 2018-га Калячонак паступіў у БДУФК, каб стаць трэнерам. Гулец на той момант меў пробны кантракт з мінскім «Дынама», але ўжо ў жніўні паляцеў у Паўночную Амерыку, бо на імпарт-драфце яго выбраў канадскі «Лондан Найтс» з хакейнай лігі Антарыа (OHL).
Нягледзячы на пераезд, з ВНУ Калячонак не сышоў. Калі ўзімку хакеіст прыляцеў у Беларусь, мусіў вырашаць праблемы:
– Наведвальнасць у мяне так сабе. Спадзяваўся, што выкладчыкі пойдуць насустрач, але не. Буду боўтацца сам, намагацца выбрацца з гэтай ямы. Выкладчыкі не ведаюць, хто я такі. На дадзены момант я ні да аднаго заліку я не дапушчаны, – наракаў Калячонак у снежні 2018-га.
Відаць, «выбрацца з ямы» атрымалася. У траўні 2020 года спартсмен быў сярод удзельнікаў анлайн-канферэнцыі «Актуальныя пытанні развіцця хакея» ў БДУФК. Акрамя Калячонка там былі іншыя студэнты-хакеісты, якія на той момант гулялі ў Паўночнай Амерыцы: Ілля Салаўёў, Уладзімір Алістраў, Данііл Сцяпанаў, Віктар Масілевіч.
Сёння звесткі Калячонка можна адшукаць у спісе размеркавання тэм рэфератаў для магістрантаў БДУФК 1 курса завочнай формы навучання. Хакеісту «Пітсбурга» трэба здаць працу пра «Асаблівасці планавання падрыхтавальнага перыяду ў кваліфікаваных хакеістаў» да летніх экзаменаў у чэрвені.
Амаль не карыстаецца тэлефонам
Нізкую актыўнасць Калячонка ў сацыяльных сетках тлумачыцца проста.
– Ці чытаю, што пра мяне пішуць? Амаль што не карыстаюся тэлефонам, нецікава. Гляджу толькі агляды матчаў на YouTube-канале НХЛ, – заявіў хакеіст у 2019-м.
У Instagram за апошнія пяць гадоў ён выклаў усяго два здымкі. Апошні на сёння – у канцы лютага з нагоды таго, што яго жонка была на апошніх днях цяжарнасці.
Умее заставацца стрыманым
Напярэдадні драфту-2019 Калячонак, якога абрала «Флорыда» ў другім раўндзе пад агульным 52-м нумарам, паводзіўся вельмі стрымана, хаця вакол яго асобы было шмат размоў з прычыны вялікага патэнцыялу.
– На мяне цяжка ўздзейнічаць звонку. <...> Я ўмею заставацца стрыманым, – казаў тады малады спартсмен.
Яшчэ Калячонка можна назваць ўпартай асобай. У 2019-м ён згадваў, што ў дзіцячым хакеі пачынаў з апошняй пары абаронцаў, бо на той момант быў слабейшы за канкурэнтаў, але...
– Ніколі не было жадання скончыць з хакеем. Нават у самых адчайных сітуацыях. Хацелася гуляць на вядучых ролях – і я проста працаваў, – распавядаў ён.
З іншых рыс характару партнёры абаронцы і журналісты адзначалі працавітасць. Беларуса нават параўноўвалі з легендай яго цяперашняга клуба Сідні Кросбі.
У камандзе не дазвалялі ставіць музыку, у кіно паважае расійскі крымінал
Пэўнага любімага жанру ў музыцы Калячонак не мае, слухае «што спадабаецца». Але сукаманднікі з Беларусі-U18, у якой гуляў у Д2, музчыны густ не ўхвалялі.
– У камандзе лічаць, што ў мяне спецыфічны музычны густ, не пускаюць да музычнага цэнтра, бо звычайна ўключаю нешта незвычайнае, тое, што раней дакладна не грала, – распавядаў Калячонак у 2018-м.
Што тычыцца кіно, сярод сваіх любімых фільмаў хлопец называў расійскія крымінальныя стужкі 90-х: «Брат», «Брат-2», «Бумер», «Брыгада», «Жмуркі», «Сёстры».
Любіць матацыклы
Любоў да двухкольнага транспарту Калячонка вынікае з сумеснага кантэнту з жонкай. На трэцюю гадавіну шлюбу пара фатаграфавалася на Yamaha на беразе акіяна.
А ў мінулым годзе Калячонкі рассякалі на матацыкле па праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Жонка старэйшая за хакеіста, але школу скончыла на год пазней
Абраную хакеіста завуць Марыяй. Яна старэйшая за яго ўсяго на адзін дзень – нарадзілася 25 траўня 2001 года.
Хоць Марыя фармальна і старэйшая за мужа, школу яна скончыла годам пазней – у 2019-м. Уладзіслаў на той момант ужо быў студэнтам БДУФК і правёў першы сезон за акіянам у «Флінце» з OHL.
Увогуле ж пара пачала сустракацца ў 2017-м, калі дзяўчына вучылася ў 9-м класе – яшчэ адна гісторыя школьнага кахання ў белхакеі.
Марыя і Уладзіслаў справілі вяселле ў ліпені 2021 года ў Мінску.
Была сцюардэсай у Belavia
Чым Марыя займалася адразу пасля школы, невядома. Але ў 2021 годзе яна публікавала фотаздымак з самалёта ў форме сцюардэсы Belavia. На бэйджыку было яе імя.
Пара вельмі любіць падарожжы
У Instagram жонкі хакеіста багата фота з розных мясцін. Калячонкі наведвалі розныя гарады ЗША (Флорыда, Лас-Вегас, Нью-Ёрк і іншыя), а таксама Канаду, Расію, ААЭ, некалькі разоў былі на адпачынку ў Мексіцы, ляталі на Балі.
Уладзіслаў і Марыя на Балі
У Санкт-Пецярбургу
Калячонкі былі ахвочыя прагуляцца па каньёнах, калі жылі ў Арызоне.
Арызона
Дзяўчына любіць тэніс, але часова прыпыніла заняткі
У Instagram-акаўнце Марыі асобны раздзел сторыз прысвечаны спорту. Апроч заняткаў у мацоўні і танцаў дзяўчына спрабавала нават бокс.
А яшчэ Марыя ўпадабала тэніс.
Ён нават стаў неад'емнай часткай яе жыцця, але заняткі давялося часова прыпыніць – займацца ў сярэдзіне трэцяга трыместра цяжарнасці стала складана.
Да сына ўжо паспеў дакрануцца рэкардсмен НХЛ
22 красавіка 2025 года Уладзіслаў і Марыя Калячонкі ўпершыню сталі бацькамі – у пары нарадзіўся сын, чыё імя пакуль не агучвалася.
Што цікава, першынец хакейнай сям'і ўжо мае фота з легендай. Праўда, зроблена яно было, калі дзіцё яшчэ было ў жываце маці. Тры тыдні таму Марыя пахвалілася фота з Аляксандрам Авечкіным пасля таго, як той пабіў «вечны» рэкорд Уэйна Грэцкі па галах у НХЛ. На здымку расіянін паклаў сваю руку на жывот дзяўчыны.
Уявіце, колькі будзе канспіралогіі, калі сын Калячонка раптам таксама пойдзе ў хакеісты і перасягне Авечкіна.