Пракід, коўзанка, пстрычок: вучым хакейныя тэрміны па-беларуску
А бітун хто такі?
Пакуль ідзе Чэмпіянат свету па хакеі, самы час згадаць, як гучыць гэты спорт па-беларуску. Хоць і зборная Беларусі на ім не ўдзельнічае – мову і правілы падцягнуць заўсёды варта.
У хакеі (раней таксама ўжывалі і гакей) закідваюць шайбу клюшкай у браму. Гуляюць на лядовай пляцоўцы (коўзанцы), а яшчэ на траве і ў зале. Таксама ёсць хакей з мячом, або бэндзі.
Каманда ў хакеі на лёдзе складаецца з 6 гульцоў: брамніка, 2 абаронцаў і 3 нападнікаў. Звычайна гуляюць у некалькіх звёнах. Колькасць замен неабмежаваная.
Выдаленне – гулец сыходзіць на лаву штрафнікоў (звычайна 2, бывае на 2+2, 5 і 10 хвілін). Тады адна з камандаў гуляе у большасці. Гульца могуць выдаліць і да канца сустрэчы.
Па-за гульнёй – гулец уваходзіць у зону нападу раней за шайбу.
Пракід – гулец пасылае шайбу з сваёй паловы пляцоўкі, і тая перасякае лінію брамы суперніка/спадужніка без дотыку іншых гульцоў. Зачэп – момант, калі адзін хакеіст зачапіў другога клюшкай.
У хакеі сілавыя прыёмы дапускаюцца. Як і бойкі. Але за асабліва жорсткія выдаляюць. Тафгай/бітун, задзірака – гулец, які правакуе бойкі супраць спадужнікаў
У Экстралізе, НХЛ, КХЛ сезон складаецца з рэгулярнага чэмпіянату і алімпійскай стадыі, дзе гуляюць на вылет. Яе яшчэ называюць плэй-оф. Звычайна, за перамогу ў асноўны час даюць 3-2 пункты, за перамогу ў дадатковы ці ў булітах – 2 пункты (балы).
Пятачок – зона перад перад брамай.
Лава – месца запасных. Лаўка пакараных – месца, дзе адбываюць штраф пакараныя выдаленнем гульцы
Хет-трык – тры галы аднаго гульца за матч. Дубль – два галы аднаго гульца.
Каэфіцыент карыснасці – гэта паказнік, які адлюстроўвае ўнёсак гульца ў вынік каманды, пакуль ён знаходзіцца на лёдзе. Гулец атрымлівае +1, калі ягоная каманда закінула шайбу пры гульні ў роўных складах або ў меншасці. Адпаведна -1, калі прапускае пры роўных ці ў большасці.
У адрозненне ад футбола, у хакеі дзве перадачы да галявога стрэлу/удару лічацца асістэнцкімі/дыспетчарскімі.
Журналісты абіраюць зорак матчу – найлепшых гульцоў. Звычайна іх трое.