Канада прывезла на ЧС зорны склад, але не прайшла чвэрцьфінал – апошні раз такое было ў Мінску
Аднаклубнікі беларусаў не далі рады.
На чэмпіянаце свету па хакеі здарылася, бадай, галоўная сенсацыя ўсяго турніру. Зборная Канады скончыла выступленне ўжо ў чвэрцьфінале, саступіўшы гаспадарам – зборнай Даніі – 1:2.
Прычым канадцы ехалі на турнір відавочна за перамогай – у складзе кожны з палявых гульцоў за выключэннем 18-гадовага Портэра Мартана, якога гэтым летам забяруць у першых піках драфта, правялі 65+ матчаў у рэгулярным чэмпіянаце НХЛ. У 15 гульцоў – больш за 40 пунктаў у сезоне.
Асабліва ўражвалі імёнамі першыя дзве тройкі: другі бамбардзір мінулай рэгуляркі Нэйтан Макінан з «Каларада», найлепшыя па пунктах у сваіх камандах Трэвіс Канекны («Філадэльфія»), Маклін Селебрыні («Сан-Хасэ») і легендарны Сідні Кросбі («Пітсбург»). Апошні да цяперашняга ЧС не прайграваў са зборнай на афіцыйных турнірах наогул з 2010 года – тады ў 3-м туры групавога этапу алімпійскага турніру Канада саступіла зборнай ЗША 3:5.
Што да самога матча, то першыя два перыяды прайшлі з відавочнай перавагай канадцаў, якія перакідалі супернікаў 30:11 па кідках у створ. У Даніі геройнічаў Фрэдэрык Дзічоў – 24-гадовы брамнік сціплага «ХВ-71», які ў гэтым сезоне заняў апошняе месца ў рэгулярным чэмпіянаце Швецыі, але выратаваўся ў плей-аўце, дзе вялася барацьба за выжыванне. Усяго за матч галкіпер адбіў 39 з 40 кідкоў.
Канадцам удалося закінуць на шостай хвіліне трэцяга перыяду. Пасля гэтага перавага перайшла да суперніка. У трэцім перыядзе датчане перакідалі фаварытаў (22:10 па кідках у створ), а адгуляліся за дзве хвіліны да сірэны пры знятым брамніку: Маклін прайграў укідванне, кідок Элерса здалёк – і Джордан Бінінгтан не выручыў:
А за 49 секунд да сірэны Нік Алесэн, які ўсю кар'еру правёў у Еўропе, а цяпер выступае за «Чэске-Будзеёвіцы» ў Чэхіі, прынёс Даніі валявую і гістарычную перамогу:
Пасля матчу капітан Канады Кросбі быў у скрусе:
«Я расчараваны. Мы станавіліся лепшымі падчас турніру. Не скажу, што сёння мы правялі найлепшы матч, але ўсё роўна знайшлі спосаб павесці ў ліку. Была даволі складаная абстаноўка, мы гулялі супраць гаспадароў турніру. Мы лідаравалі і знаходзіліся ў добрым становішчы, але ўсё хутка змянілася».
А датчане ўсёй арэнай з гонарам выканалі пераможны гімн:
Вось яшчэ некалькі фактаў пра гістарычную перамогу датчан:
- Данія абгуляла Канаду другі раз за тры гады. Папярэдні раз быў у групе ЧС-2022. Тады датчане выйгралі (3:2), але фінішавалі на пятым месцы і ў плэй-оф не выйшлі. Канада ж тады дабралася да фіналу, дзе саступіла Фінляндыі ў авертайме 3:4.
- Канада не прайшла стадыю чвэрцьфіналу ўпершыню з ЧС-2014, які праходзіў у Мінску – тады, маючы куды больш сціплы склад, таксама саступілі фінам 2:3. Адметна, што ў групе беларусы абышлі Фінляндыю (трэцяе і чацвёртае месцы адпаведна), хоць у вочнай сустрэчы саступілі (0:2).
- І зноў Фінляндыя. Паражэнне ад Даніі стала для Канады другім на ЧС-2025. Раней яна прайграла фінам у групе 1:2 па булітах. Менавіта тады здарылася першая параза Кросбі ў зборнай за 15 гадоў.
- Даніі ўвогуле магло не быць ў плей-оф – яна пачала турнір з паражэнняў ад ЗША (0:5), Швейцарыі (2:5) і Чэхіі (2:7). Але затым абгуляла Казахстан (5:1), Венгрыю (8:2), Нарвегію (6:3). У апошнім матчы групы ўдалося па булітах адужаць Нямеччыну 2:1. Калі б перамаглі немцы, то супраць канадцаў гулялі б менавіта яны.
- У складзе зборнай Канады на ЧС выступала адразу пяць аднаклубнікаў беларусаў. Кросбі ў мінулым сезоне дзяліў распранальню ў «Піцбургу» з Уладзіславам Калячонкам, Трэвіс Канекны, Тайсан Фёрстэр і Трэвіс Санхейм – з Аляксеем Коласавым у «Філадэльфіі», Макензі Уігер – з Ягорам Шаранговічам і Іллём Салаўёвым у «Калгары».
- У складзе Даніі таксама ёсць клубны партнёр беларуса. Нападнік Оскар Фіскер Мэлгаард у мінулым сезоне гуляў разам з Андрэем Лашко за «Каачэлу» ў АХЛ – фарм-клуб «Сіэтла».
- Данія выйшла ў паўфінал упершыню ў сваёй гісторыі. Там гаспадары турніру згуляюць са Швейцарыяй, якая ў чвэрцьфінале не пакінула шанцаў Аўстрыі (6:0).