Сусветная федэрацыя тхэквандо дапусціла беларусаў у нейтральным статусе да ўдзелу ў спаборніцтвах пад сваёй эгідай
Сусветная федэрацыя тхэквандо дазволіла беларускім і расійскім спартсменам у нейтральным статусе выступаць ва ўсіх турнірах, прызнаных арганізацыяй.
Удзел спартсменаў у нейтральным статусе (AIN) дапускаецца ў выпадку, калі раней спартсмен быў прызнаны дапушчаным да ўдзелу ў спаборніцтвах, якія праводзяцца Сусветнай федэрацыяй тхэквандо.
Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.
28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.