Усе навіны

Дрончанка – пра зборную Беларусі па каратэ пасля выбараў-2020: «Там кожны сам за сябе. Людзі баяліся нешта сказаць з-за страху страціць месца»

14 лютага, 13:43

Ураджэнка Хойнікаў Ксенія Дрончанка, якая атрымала польскі пашпарт, у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» расказала пра зборную Беларусі па каратэ.

– Патрапіла ў нацыянальную каманду, але сур'ёзных поспехаў не было. Станавілася чэмпіёнкай Беларусі, а на міжнародных спаборніцтвах максімум займала сёмае месца – на чэмпіянаце Еўропы сярод юніёраў.

Але, ведаеце, магу сказаць, што ў той камандзе я не адчувала сябе камфортна, асабліва апошнія месяцы перад ад'ездам. Нацыянальная зборная – гэта не калектыў, дзе ёсць узаемная падтрымка, разуменне.

Там кожны сам за сябе. Асабліва моцна гэта выявілася пасля выбараў-2020. Усе ведалі маю пазіцыю, але падтрымкі я не ўбачыла, людзі баяліся нешта сказаць – усё з-за страху страціць месца ў складзе.

Нават не ведаю, ці людзі самі па сабе такія, ці іх зашугалі, але яны маўчалі і баяліся нават выказаць падтрымку мне. Хаця пры гэтым ніхто з тых жа трэнераў, кіраўнікоў федэрацыі на мяне не ціснуў за маю пазіцыю, праблем не было.

Проста, паўтаруся, не адчувала падтрымкі з боку іншых спартсменаў, таму што ўсе жылі ў страху страціць месца ў камандзе.

Калі казаць пра плюсы для чальцоў нацыянальнай зборнай, у першую чаргу фінансавых, то адрозненні ад Польшчы проста каласальныя. Напрыклад, я атрымлівала 50 рублёў у месяц, такі заробак. У некага было больш, хто браў медалі на міжнародных спаборніцтвах.

Але ўсё роўна, калі параўноўваць з Польшчай, гэта капейкі. У мінулым годзе за перамогу на чэмпіянаце Еўропы я атрымала дзевяць тысяч злотых (2160 еўра) ад прэзідэнта краіны і чатыры тысячы злотых (960 еўра) ад горада.

У Беларусі такія грошы за перамогі на турнірах нават блізка не даюць – у разы менш. А што тычыцца штомесячнага заробку як сябра нацыянальнай зборнай Польшчы, то яго тут няма, але прызавыя па факце вельмі вялікія, – сказала Дрончанка.