Кірыл Грышчанка: «Допінг мне падсыпалі. Удзячны, што ўсё здарылася менавіта так»
Беларускі барэц Кірыл Грышчанка, дыскваліфікаваны на 4 гады з-за допінгу, узгадаў абставіны траплення ў кроў забароненых рэчываў. Цяпер спартсмен удзельнічае ў спаборніцтвах ММА.
Грышчанка заваяваў залаты медаль II Еўрапейскіх гульняў, аднак яго забралі з-за допінгу.
– Думаю, хтосьці падсыпаў. У мяне была вялікая двухлітровая бутэлька з вадой, якую я ўвесь час браў з сабой на трэніроўкі.
Пасля іх мы звычайна пакідалі свае рэчы ў манежы, ішлі ў душ, а потым вярталіся за імі. І вядома, пакінуць так рэчы без нагляду – гэта выключна мой промах. Але я і ўявіць не мог, што падобнае са мной здарыцца.
Думаю, гэта зрабіў нехта з канкурэнтаў. Для мяне гэта сталася сапраўдным шокам.
Цяпер я, магчыма, у нейкай меры нават удзячны, што ўсё здарылася менавіта так. Я абсалютна рады таму, чым займаюся цяпер і якія мэты стаўлю перад сабой. Але тады мне было вельмі балюча. Я доўга перажываў, – сказаў Грышчанка.