Усе навіны

Сцяпан Папоў пра 9 траўня: «У Беларусі памяць пераўтворана ў шоу – гэта здрада тым, хто загінуў. Калі нацызм сыходзіць, а сталінізм застаецца – гэта не Перамога»

Беларускі самбіст Сцяпан Папоў у сваім Instagram раскрытыкаваў спосабы святкавання 9 траўня ў Беларусі.

«8 траўня – Дзень Перамогі. У Еўропе – дзень памяці і цішыні. У нас – усё гучней, ярчэй, агрэсіўней. У гэтым годзе – 80 год. Круглая дата. Але чым мацней звіняць медалі, тым цішэй чуваць голас тых, хто сапраўды ваяваў.

У Расіі (у арыгінале з маленькай літары – Tribuna.com) зноў апранаюць дзяцей у форму, гоняць тэхніку па вуліцах, псуюць асфальт і галовы. Але і ў Беларусі – тое самае. І гэта асабліва балюча. Бо беларусы, украінцы і расіяне тады ішлі плячо ў плячо. І тое, што сёння гэтая памяць пераўтворана ў шоу – гэта здрада тым, хто загінуў.

Вайна – гэта трагедыя, а не падстава казаць: «Які я малайчына». Перамога была агульнай, але страты былі асабістыя – у кожнай сям’і. І сярод тых, хто ваяваў, былі не героі парадаў, а людзі, якія хацелі толькі аднаго – каб гэта больш ніколі не паўтарылася.

Не так важна, калі адзначаць – 8-га ці 9-га. Важна – як. І дзеля чаго.

Таму я ўпэўнены, што мае дзяды не за тое змагаліся, каб сёння ўлада, якая арганізоўвае парады, не давала жыць іх праўнукам на роднай зямлі. Таму што, калі нацызм сыходзіць, а сталінізм застаецца – гэта не Перамога. А калі перамога над фашызмам становіцца толькі нагодай для новага гвалту – яна ператвараецца ў горкае напамінанне: зло можа быць рознае, але сутнасць яго адна. І яно можа прыходзіць пад любымі сцягамі.

І з гэтым злом трэба змагацца. Памятаць – каб не паўтарылася.

На здымку мой дзед Мікалай, удзельнік ВАВ», – напісаў Папоў.