Чэмпіёнка свету па самба ўладкавалася ў рэжымны АМАП – здзейсніла дзіцячую мару, садыстаў называе сям'ёй
У рэальнай сям'і пілі і білі, сама ж заўжды на баку справядлівасці.
Міжнародная федэрацыя самба (FIAS) – адна з нямногіх міжнародных спартыўных арганізацый, якая пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне не стала адхіляць прадстаўнікоў краін-агрэсараў, а толькі забараніла спаборніцтвы на тэрыторыі Беларусі і Расія, а спартсменаў адтуль абавязала выступаць у нейтральным статусе.
Гэта і не дзіўна: генеральны спонсар FIAS – «Раснафта». Кампаніяй кіруе расійскі бізнесмен Ігар Сечын. А глава федэрацыі, офіс якой знаходзіцца ў Маскве, яшчэ адзін расіянін Васіль Шастакоў. І Сечын, і Шастакоў – блізкія сябры прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Не дзіва, што ў самба хапае спартсменаў, звязаных з рэжымнымі сілавымі структурамі. Прычым сваё дачыненне да носьбітаў формы яны нават не хаваюць. Добры прыклад – Аляксандра Жылінская.
У спорце дзяўчына дабілася высокіх вынікаў: брала золата і на Еўрапейскіх гульнях у Мінску ў 2019-м, і на чэмпіянаце свету ў Сербіі ў 2020-м, а ў 2023-м стала пераможцай на чэмпіянаце Еўропы ў Ізраілі. Апошні тытул дзяўчына заваявала ўжо пасля рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту ад 28 сакавіка 2023 года не дапускаць да міжнародных спаборніцтваў спартсменаў, звязаных з рэжымнымі сілавымі ведамствамі. Жылінская на той момант служыла прапаршчыкам батальёна міліцыі цэнтральнага аддзела дэпартамента аховы міністэрства ўнутраных спраў Лукашэнкі. Расказваючы пра тую перамогу, рэжымныя медыі згадвалі званне і месца працы спартсменкі.
На сёння ў дэпартамента аховы Жылінская больш не працуе, бо служыць у рэжымным АМАПе. У нядаўнім інтэрв'ю падпісантка за рэжым распавяла, што марыла аказацца ў адной з галоўных карных структур рэжыму з дзяцінства, таму калі атрымала прапанову туды перайсці «пагадзілася без роздумаў і так здзейсніла дзіцячую мару». Цяпер яна ходзіць на дадатковыя трэнінгі ў залу падраздзялення, у тым ліку каб «сустрэцца з калегамі», якіх яна лічыць сваёй сямʼёй.
З першай сапраўднай сям'ёй Жылінскай не пашанцавала. Самбістка расказвала, што яе мама і бацька шмат пілі і часта білі яе. А яшчэ праз нядбайных бацькоў Жылінскую часта абражалі ў магілёўскай секцыі дзюдо, дзе яна пачала займацца з 14 гадоў. Праз булінг дзяўчына не раз хацела кінуць спорт, але тады яе падтрымала першая трэнерка Вольга Рагаўцова, якая сёння працуе на той жа пасадзе ў Наваполацку.
Пасля школы Жылінская завочна скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, дзе вучылася на трэнера. Паралельна з вучобай уладкавалася ў краму мерчэндайзерам. Пры гэтым спорт не кідала.
«Мне было 20. У спорце гэта ўзрост пераходу ў дарослы спорт, своеасаблівы Рубікон, які павінен вызначыць, пойдзе спартсмен далей па абраным аднойчы шляху ці трэба шукаць іншы. Я не пакідала спроб дабіцца поспеху ў барацьбе. Але ў нацыянальнай камандзе яшчэ не была, стаўкі не было, грошай адпаведна таксама. Часам банальна не было чаго есці. А яшчэ хацелася апрануцца прыгажэй, у кіно схадзіць… Вось і знайшла працу, графік якой дазваляў пасля змены паспяваць на вечаровы трэнінг».
У самба Жылінская патрапіла, як яна сама распавяла, праз тое, што яе на трэцім месяцы цяжарнасці «выкінулі з дзюдо». Пазней спартсменка даведалася, што па законе яе не маглі звольніць, але на той момант яна «ў гэтых нюансах не арыентавалася». Пасля родаў дзяўчына вярнулася ў дзюдо, выйграла чэмпіянат Беларусі. На тым вырашыла, што ўсім усё ў дзюдо даказала – і сышла ў самба канчаткова.
У 2018 годзе Жылінская вырашыла пераехаць у Мінск «для далейшага росту і развіцця». Тады ёй патэлефанавала знаёмая і прапанавала пайсці працаваць у лукашэнкаўскі дэпартамент аховы. Жылінская расказвала, што заўсёды марыла працаваць у «праваахоўных органах» і шкадавала, што трапіла туды толькі ў 27 гадоў. «Міліцыянер для мяне быў і застаецца прыкладам чалавека, які не дазваляе крыўдзіць слабых. Я і сама заўсёды была на баку справядлівасці і абараняла тых, хто не можа за сябе пастаяць», – казала самбістка.
У Жылінскай дзве дачкі – Мілана і Сафія. Іх выхаваннем займаецца муж, які дзеля жонкі кінуў сваю працу і пераехаў следам у Мінск. Гатаванне таксама на ім, але гэта ўвогуле не праблема – мужчына мае адукацыю кухара:
У 2021-м Жылінская з рук Аляксандра Лукашэнкі атрымала званне заслужанага майстра спорту, што для яе было вельмі прыемна. А яшчэ ў тым жа годзе схадзіла на традыцыйны рэжымны Навагодні баль у палац да дыктатара.
Жылінская выказвалася і пра нейтральны статус беларускіх самбістаў на спаборніцтвах пад эгідай FIAS.
«Са сваім сцягам і надпісам «Беларусь» на спіне змагацца, вядома, прыемней. Але мы ўсё роўна [на ЧЕ-2023] змагаліся за сябе і краіну. Дарэчы, ніякага грэблівага стаўлення з боку іншых удзельнікаў ні да нас, ні да расіян няма. У самба ўсе дружныя, усе паважаюць адзін аднаго. Палітыцы на дыване рабіць няма чаго», – лічыць прапаршчык мінскага АМАПу.