Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Стварыць альтэрнатыўны НАК – магчыма. Але толькі калі новы кабінет Ціханоўскай ды іншыя органы ў выгнанні набяруць палітычную моц»

30 жніўня 2022, 14:15

Выканаўчы дырэктар БФСС Аляксандр Апейкін распавёў, ці мажліва стварыць альтэрнатыўны Нацыянальны алімпійскі камітэт і якія ўмовы павінны быць выкананы для гэтага.

– [Беларускі палітолаг] Павел Усаў у нас пастаянна ў эфіры даводзіць думку пра неабходнасць стварэння ўсіх дзяржаўных інстытутаў Беларусі ў выгнанні, так бы мовіць. Каб было і Міністэрства адукацыі, і Міністэрства спорту, і гэтак далей. То можа быць нам і алімпійскую зборную Беларусі ў выгнанні стварыць?

– Я скажу так: гэта магчыма – стварыць альтэрнатыўны НАК. Але гэта магчыма пры ўмовах, калі ўсё ж такі палітычнае лідэрства будзе больш важкае. То бок мы тут не можам асобна ад нашых палітычных лідэраў гэта ўсё рабіць, гэта будзе складана, павінна ўсё ж такі быць палітычнае лоббі. Патрэбна, каб [Аб’яднаны пераходны] кабінет новы Святланы Ціханоўскай набраў нейкую моц, каб органы ў выгнанні яе набралі. І каб з іх рэкамендацыямі, з іх просьбамі і патрабаваннямі міжнародныя структуры неяк лічыліся. Гэта першасна. Тады, канешне, ствараць альтэрнатыўныя грамадскія арганізацыі (бо НАК – гэта грамадская арганізацыя), якія атрымоўваюць міжнароднае вызнанне, ужо будзе значна прасцей.

Зараз гэтае вакно магчымасцяў ёсць, бо ёсць бан афіцыёзнага спорту і ёсць вельмі вялікая частка свабодных спартоўцаў і функцыянераў, іх больш за сто чалавек. І там ёсць людзі, якія могуць рэальна працаваць у Нацыянальным алімпійскім камітэце і з якіх можна ствараць сур’ёзную структуру. Структуру, якая будзе прадстаўляць беларускі спорт за мяжой і будзе неяк прызнана. Зразумела, што гэта будзе не цалкам Нацыянальны алімпійскі камітэт, але нейкія часовыя функцыі НАК могуць быць нададзены гэтай структуры. Бо НАК можа быць толькі адзін, Міжнародны алімпійскі камітэт не зможа стварыць прэцэдэнт, каб было два НАКа. Гэта як две дзяржавы ў ААН: гэтага не можа быць, дзяржава толькі адна. Але часовыя функцыі МАК можа надаць, гэта магчыма, – дапусціў Апейкін.