Навіны
Томас Бах: «Алімпійскі спорт мае патрэбу ва ўдзеле ўсіх спартсменаў, асабліва калі іх краіны знаходзяцца ў стане вайны»
Прэзідэнт МАК Томас Бах звярнуўся да лідэраў краін свету на саміце G20.
«Сёння наступствы расейскай агрэсіі супраць Украіны з'яўляюцца выпрабаваннямі для Алімпійскіх гульняў. Уварванне Расіі парушыла рэзалюцыю аб алімпійскім перамір'і, аднагалосна прынятую Генеральнай Асамблеяй ААН.
Мы беспрэцэдэнтна асудзілі і прымянілі санкцыі да расійскага ўрада за гэта абуральнае парушэнне Алімпійскай хартыі. Мы з усёй салідарнасцю падтрымліваем атлетаў і сябраў украінскай алімпійскай супольнасці паўсюль.
Але ў адрозненне ад занадта многіх іншых войнаў і канфліктаў у нашым свеце, па гэтай вайне некаторыя ўрады пачалі вырашаць, якім спартоўцам будзе дазволена ўдзельнічаць у міжнародных спартовых спаборніцтвах, а якім не.
Яны зрабілі і робяць гэта выключна паводле палітычных матываў. Яны жадаюць вырашаць, якія атлеты зараз могуць кваліфікавацца і ў выніку спаборнічаць на Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы.
Калі спорт такім чынам стане яшчэ адным інструментам для дасягнення палітычных мэт, міжнародны спорт распадзецца. Паколькі самая сутнасць міжнароднага спорту ў тым, каб рашэнні аб удзеле і выніках прымаліся, грунтуючыся выключна на спартовых якасцях атлета.
Калі, тым не менш, такога кшталту палітызаванне спорту стане нормай, для Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў стане немагчымым быць сілай, якая аб'ядноўвае.
Алімпійскі спорт мае патрэбу ва ўсіх спартсменах, якія прымаюць правілы, нават і асабліва калі іх краіны знаходзяцца ў канфрантацыі або стане вайны. Спаборніцтвы паміж спартсменамі толькі з дзяржаў-аднадумцаў не з'яўляюцца надзейным сімвалам свету.
У гэтую эпоху расколу наша роля зразумелая: аб'яднаць свет, а не пагаршаць рознагалоссі.
Каб выканаць нашую аб“яднаўчую місію, МАК павінен быць палітычна нейтральным. Каб дазволіць будучым гаспадарам Алімпіяды прымаць лепшых спартоўцаў усяго свету, незалежна ад палітычных канфліктаў, я заклікаю вас, сусветныя лідэры, падтрымаць гэты палітычны нейтралітэт. Давайце не адмаўляцца ад гэтай каштоўнай злучнай місіі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў у той час, калі свет мае патрэбу ў большай салідарнасці і міры.
Я паўтараю заклік да вас, сусветных лідэраў, з якім я ўжо звяртаўся на цырымоніі адкрыцця і закрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў-2022 у Пекіне: дайце міру шанец», – сказаў Бах.