Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Адзіны правільны зварот, які можа зрабіць Паралімпійскі камітэт Беларусі, гэта зварот не ў суд Германіі, а зварот да Лукашэнкі аб спыненні рэпрэссій і вайны ва Украіне»

18 лістапада 2022, 08:36

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаментаваў навіну аб тым, што Паралімпійскі камітэт Беларусі звернецца ў суд Германіі з-за адхiлення краіны з Міжнароднага паралімпійскага камітэта.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Паралімпійцы Беларусі хочуць звярнуцца ў суд Германіі, каб аспрэчыць бан Паралімпійскага камітэту Беларусі.

А чаму ў суд Германіі? Якая можа быць справядлівасць на загніваючым Захадзе? Давайце можа ад пачатку ў суд Маскоўскага раёна. Можна нават па скайпу, каб нікуды не хадзіць.

Але адзіны правільны зварот, які можа зрабіць Паралімпійскі камітэт Беларусі, гэта зварот не ў суд Германіі, а зварот да лукашэнкі (захавана арфаграфія аўтара – заўв. Tribuna.com) з патрабаваннем:

  • спыніць вайсковую агрэсію супраць Украіны;
  • спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі;
  • вызваліць усіх палітычных зняволеных;
  • спыніць рэпрэсіі супраць спартоўцаў;

Усе астатнія спробы «шукаць праўды» там, дзе выдатна ведаюць, што з сябе ўяўляе беларускі рэжым і ягоныя прызначэнцы, будуць марнымі.

Але ж калі такі бессэнсоўны зварот у суд Германіі ўсё ж такі адбудзецца, з боку Беларускага фонда спартыўнай салідарнасці таксама будзе накіравана апеляцыя з прывядзеннем усіх фактаў парушэння правоў спартсменаў і правоў чалавека ў Беларусі. Таму раю Паралімпійскаму камітэту не марнаваць час, а звярнуцца адразу ў суд Маскоўскага раёна. Там дакладна падтрымаюць», – напісаў Апейкін у сваім Telegram-канале.