Усе навіны

Алег Шэпель: «У другім артыкуле Канстытуцыі Германіі выразна напісана, што не дапускаецца дыскрымінацыі паводле мовы, нацыянальнасці і палітычных поглядаў»

21 лістапада 2022, 09:42
1

Кіраўнік паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель распавёў, што яго арганізацыя будзе рабіць для вяртання беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Самае галоўнае, відаць, што ўжо ёсць раскол у паралімпійскім руху. Таму што 54 краіны прагаласавалі за адхіленне, 45 – супраць, 18 устрымаліся. Мы выдатна ведаем, што гэта краіны Лацінскай Амерыкі, якім паабяцалі фінансавую дапамогу. А калі паглядзець глыбей – 184 краіны ў паралімпійскім камітэце, палічыце розніцу. Не ўсе прыехалі, таму што не далі візы. Каму? Постсавецкім краінам, Ірану. Яны выдатна гэта ўсё пралічвалі. І мы кажам: вось вам дэмакратыя і свабода слова, нават Расію не паклікалі, хоць яны і былі «віноўнікамі ўрачыстасцяў». Яны павінны там, па меншай меры, быць. Я ўпэўнены, што і нас бы наўрад ці туды дапусцілі. У нас былі пяцігадовыя візы, таму не змаглі [перашкодзіць]. Самае галоўнае, і гэта ўсё заўважылі, што новую Канстытуцыю Міжнароднага паралімпійскага камітэта, якая ўступіла ў сілу паўгода таму, пачалі мяняць.

Спаборніцтвы, якія ўжо будуць праводзіцца пад эгідай Міжнароднага паралімпійскага камітэта, не будуць мець такі высокі статус і ўзровень. А гэта спонсары, тэлебачанне. Таму не ўсё так проста і ў іх. Мікалай Мікалаевіч Шудзейка, які выступаў з апошнім словам, выразна сказаў: усё гэта праходзіць, і вернецца ўсё на кругі свая, але як вы будзеце ў вочы гэтым спартсменам глядзець. Вы падумайце пра гэта. І ніхто дакладнага адказу не даў. Яшчэ плюс вельмі шмат краін, якія былі за нас (Саудаўская Аравія, Кувейт) і якім Беларусь не ўсё роўна, таксама разумеюць, што могуць быць наступнымі. Што скажу, там свабоду слова, дэмакратыю ўціскаюць. Яны выдатна разумеюць. І былі еўрапейскія краіны: Балгарыя, Венгрыя, Латвія, якія прагаласавалі за нас.

– Што цяпер?

– Адчайвацца не трэба, спыняцца не трэба. Мы прапрацоўваем пытанне апеляцыі, яе, мы выдатна разумеем, у Трыбунал Паралімпійскага камітэта падаваць бескарысна, ні ў спартыўны арбітраж, таму што ён пад каўпаком МАК. Мы спрабуем ў нямецкі суд, таму што Міжнародны паралімпійскі камітэт размешчаны ў Боне, на яго распаўсюджваюцца законы Германіі. А ў другім артыкуле Канстытуцыі Германіі выразна напісана, што не дапускаецца дыскрымінацыі паводле мовы, нацыянальнасці і палітычных поглядаў. Мы прапрацоўваем пытанне з нямецкімі спецыялістамі, адвакатамі, якія ў спартыўным праве маюць досвед.

– Як доўга будзе складацца такая апеляцыя і які дэдлайн падачы?

– Мы запыталі ў Міжнародным паралімпійскім камітэце тлумачэнні, нам тлумачэнняў практычна не далі, толькі агульнымі словамі. Мы падалі пазовы спартсменаў па правах чалавека ў Савет Еўропы па правах чалавека. Гэта таксама павінна прайсці, – распавёў Шэпель.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.