Усе навіны

Навіцкі пра каментарый на беларускай мове: «Гэта было не вельмі свядома – было патрабаванне кіраўніцтва. Але потым сам прыйшоў да таго, што гэта натуральна»

23 лістапада 2022, 22:46
2

Беларускі каментатар Уладзімір Навіцкі прыгадаў, як пачынаў каментаваць матчы на беларускай мове.

– Шмат гадоў спартыўнуя спаборніцтвы я каментаваў выключна на беларускай мове – гэта быў працяглы перыяд часу.

Згадваю, тады, у канцы 80-х – пачатку 90-х, я распрацоўваў спартыўную тэрміналогію па-беларуску. Было шмат кансультацый з супрацоўнікамі Акадэміі навук.

Я прыйшоў працаваць на ТБ у 1981 годзе. Тады на чале дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні стаяў наш паэт Генадзь Бураўкін. Ягонае патрабаванне было адзіным: калі хочаш працаваць на ТБ, то павінен валодаць беларускай мовай.

У свае 27 я не мог ніводнага слова сказаць па-беларуску. Бацька быў вайскоўцам, а іх дзеці вызваляліся ад вывучэння беларускай мовы - былі такія дзіўныя законы. Пры гэтым беларускую літаратуру трэба было чытаць у арыгінале. Таму мовы я ўвогуле не ведаў.

Тады ж, у 1981 годзе, я паспеў паступіць на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі. Там выкладаў беларускую мову выдатны Мікалай Рыгоравіч Каваленка. Жонка мне таксама дапамагала. І вось з нуля я пачаў вывучаць.

Тады гэта было не вельмі свядома – было патрабаванне кіраўніцтва. Але потым я сам прыйшоў да таго, што гэта натуральна, гэта слушна, гэта добра. Натуральна, першыя матчы, якія працаваў па-беларуску, шмат кім успрымаліся з усмешкай. Еду я ў аўтобусе ці метро, а ўслед чую: «О, пайшоў «становiшча па-за гульнёй» і гэтак далей.

Тады гэта было абсалютна нязвыкла для слыху, – распавёў Навіцкі.