Усе навіны

Параканаіст Ткачук пра міжнародны бан Беларусі: «Дзяржава ў бядзе дакладна не пакіне. Наогул спартсменам грэх скардзіцца – не шкодная ж вытворчасць»

26 лістапада 2022, 12:39

Параканаіст Андрэй Ткачук распавёў, як цяпер жыве без міжнародных спаборніцтваў.

– Андрэй, як удаецца сябе суцяшаць адсутнасцю допуску на міжнародныя старты?

– Па-філасофску стаўлюся да такой сітуацыі і лічу, што спартсменам грэх скардзіцца на любыя абставіны, таму што мы займаемся любімай справай. Трэніроўкі – гэта ж не «будоўля стагоддзя» і не нейкая шкодная вытворчасць. Тут ты займаешся для сябе і, у любым выпадку, інвестуеш свае намаганні ва ўласную будучыню. Рана ці позна твае старанні акупяцца, а здаровы лад жыцця – гэта карысць. Вядома, калі хтосьці мэтанакіравана рыхтуецца да Алімпіяды і ў адзін момант можа пазбавіцца мары, то гэта сумна. Але трэба разумець сённяшнюю абстаноўку і ставіць перад сабой іншыя задачы. У бядзе дзяржава спартсменаў дакладна не пакіне. Выдатна, што ў Беларусі яна клапоціцца пра нас і, наогул, надае значную ўвагу развіццю спорта. Таму велізарнае шчасце – стаяць на любым п'едэстале і чуць, калі прамаўляюць тваё імя, – падзяліўся Ткачук.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.