Усе навіны

Беларускія паралімпійцы накіравалі пазовы ў Еўрапейскі суд па правах чалавека

1 снежня 2022, 13:52

Генеральны сакратар паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка расказаў аб тым, што Беларускія паралімпійцы афіцыйна звярнуліся ў Еўрапейскі суд па правах чалавека аб парушэнні іх законных правоў.

Нагадаем, што Міжнародны паралімпійскі камітэт (IPC) адхіліў прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

16 лістапада Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў членства Паралімпійскага камітэта Беларусі ў арганізацыі.

Раней, пра намер падаць пазоў у суд Германіі заяўляў кіраўнік паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель.

Шудзейка таксама зазначыў, што адхіленне стала сапраўдным шокам не толькі для беларускіх і расійскіх паралімпійцаў, але і для многіх замежных калег, якія былі абураныя такім рашэннем.

«Таму мы не адчувалі, што засталіся сам-насам з гэтымі праблемамі, бачылі, што нас падтрымліваюць», – заявіў Шудзейка.

Таксама Генсэк адказаў на папрокі аб маўчанні прадстаўнікоў беларускага паралімпійскага спорту.

«Нас спрабавалі папракаць, што мы маўчым, не выказваем сваёй пазіцыі. Аднак гэта не так, бо адразу пасля падзеяў у Пекіне беларускі Паралімпійскі камітэт і самі спартоўцы неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва IPC, у іншыя міжнародныя структуры, але ні на адзін зварот адказаў не было», – сказаў Шудзейка.