Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Ёсць задача, каб патрапіла пад санкцыі самая актыўная ў падтрымцы вайны частка спартсменаў – па сутнасці прапагандысты»

5 снежня 2022, 20:17

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша распавёў пра падрыхтоўку спісу расiйскіх і беларускіх спартсменаў, якія публічна падтрымалі вайну супраць Украіны, якую з 24 лютага працягвае Расея з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Нагадаем, 24 лістапада Навоша паведаміў, што такі спіс украінскую рэдакцыю «Трыбуны» ўпаўнаважыла падрыхтаваць працоўная група пры Вярхоўнай Радзе па спартыўных санкцыях для іх увядзення пасля.

– «Трыбуна» рыхтуе спіс расійскіх спартоўцаў, якія публічна падтрымалі вайну супраць Украіны. У чым сутнасць гэтай працы?

– Журналісты, якія вядуць гэты рэестр з пачатку вайны, пераследвалі вельмі простую мэту: каб гэтую інфармацыю не трэба было нідзе шукаць, каб спіс проста папаўняўся па факце выступленняў у падтрымку вайны людзей, звязаных са спортам у Расіі ці Беларусі.

Цяпер з'яўляюцца дадатковыя задачы, і адна з іх – каб самая актыўная ў падтрымцы вайны частка спартсменаў трапіла пад санкцыі. Зразумела, што рашэнні будуць прымацца на ўзроўні ЗША, Еўразвяза, Канады, – пэўныя краіны ўжо нават кагосьці паспелі ўключыць [у санкцыйныя спісы]. Пастолькі спартсмены, якія актыўна падтрымліваюць вайну, зʼяўляюцца па сутнасці прапагандыстамі. Ужо нікому не трэба тлумачыць, чым шкодная прапаганда, наколькі злавесную ролю яна іграе ва ўсім, што адбываецца.

Іншая задача ў тым, каб не дапусціць удзелу спартсменаў, якія падтрымліваюць вайну, у якіх-небудзь міжнародных спаборніцтвах. Так, большасць прадстаўнікоў расійскага і беларускага спорту ўжо ад іх адхіленыя, але, па-першае, не ўсе, а па-другое, гучаць галасы – і ў апошні час усё настойлівей. Напрыклад, вялізная заява ў духу «Спорт па-за палітыкай» ад кіраўніка Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха на саміце G20 [у духу] «давайце не будзем разбірацца, хто добры, хто дрэнны, мы будзем абʼядноўваць усіх».

З майго пункту гледжання і на думку пераважнай большасці ўкраінцаў, выступленні спартсменаў, якія падтрымліваюць вайну, на міжнародных спаборніцтвах – гэта нармалізацыя вайны. Цяпер адбываецца нешта жахлівае – вайна паступова ператвараецца ў найбуйнейшую ў сусветнай гісторыі серыю тэрарыстычных актаў супраць мірных гарадоў і іх жыхароў, а не толькі вайскоўцаў. Хаця, вядома ж, шкада і вайскоўцаў, таму што яны не абавязаны паміраць толькі таму, што так захацелася камусьці ў Крамлі. Далёка не ў кожнай вайне адзін з бакоў называецца краінай-тэрарыстам.

Адбываецца нешта дастаткова злавеснае, і нармалізацыя гэтай падзеі – з дапамогай, у тым ліку, спорту – недапушчальная, – сказаў Навоша.

⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com