Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Маўчуноў катэгарычна асуджаю. І на прыкладзе Беларусі бачна, што ўлада не дазволіць заставацца такімі»

6 снежня 2022, 13:14

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша выказаўся пра сваё стаўленне да спартсменаў, якія маўчаць пра вайну супраць Украіны, якую з 24 лютага працягвае Расія з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Маўчуноў я асабіста катэгарычна асуджаю. Ці можна да іх прымяняць фармальныя [на дзяржаўным узроўні] меры? На гэты конт могуць быць розныя меркаванні. Калі вам цікава асабіста маё, то хутчэй не. Але ў рэшце рэшт важна разумець: калі Беларусь, родная для мяне краіна, з'яўляецца ў нейкай меры прэдыктарам для Расіі, як прынята думаць, і часта на прыклады Беларусі мы кажам пра мадэлі прыгнечання грамадства ўладай або мадэлі супраціву, то маўчунам будзе вельмі цяжка. Ім сама ўлада як бы не дазволіць заставацца маўчунамі.

У Беларусі адразу па выніках выбараў 2020 года і хвалі гвалту супраць пратэстуючых больш за дзве тысячы беларускіх спартсменаў – у тым ліку алімпійскіх медалістаў, чэмпіёнаў свету, рэкардсменаў свету і гэтак далей – падпісалі ліст за сумленныя выбары, супраць гвалту, супраць Лукашэнкі. І гэта была вельмі магутная з'ява. Гэта быў не толькі ліст, але вялікая колькасць інтэрв'ю ў міжнароднай прэсе, выступаў у беларускіх і расійскіх медыя. Былі асобныя спартовыя калоны з удзелам гэтых самых зорак беларускага спорту на мітынгах у Мінску.

І недзе месяцы на другім ці трэцім беларуская ўлада зразумела, што ім трэба рабіць нешта альтэрнатыўнае. І яны, па сутнасці, зрабілі «контрліст» – як мы яго называем, «ліст за гвалт і супраць свабодных выбараў», да якога пачалі гвалтоўна прыцягваць спартсменаў.

Гэта было нескладана рабіць, таму што, па сутнасці, спартсмены – гэта тыя ж бюджэтнікі, проста з большымі за сярэдніх бюджэтнікаў, заробкамі. Беларускія ўлады не спыніліся, пакуль яны не загналі туды таксама каля дзвюх тысяч спартсменаў, каб неяк ураўнаважыць і сказаць: «Ну глядзіце, вось ёсць розныя меркаванні – адны за, іншыя супраць. Як бы гэта ўжо нармальна, вось грамадства так павінна быць уладкаванае». Увогуле, вельмі цяжка прыйшлося маўчунам, ім не дазвалялі застацца ў такой якасці, – падзяліўся Навоша.