Апейкін пра допуск атлетаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў: «У вялікім спорце месца можа быць толькі для тых, хто падзяляе агульначалавечыя каштоўнасці»
Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін выказаўся пра заяву НАК ЗША наконт допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў і Алімпіяды-2024.
– Не трэба здзіўляцца сённяшняй заяве НАК ЗША і яго старшыні Сюзан Лаёнс. Пра трэнд на допуск беларускіх і расійскіх атлетаў мы казалі ўжо даўно, у ім няма нічога крытычнага. Адной з нашых галоўных задач з'яўляецца тое, каб гэты допуск адбываўся на канкрэтных умовах і крытэрыях, асноўным з якіх з'яўляецца падпісанне Антываеннай дэкларацыі. У вялікім спорце месца можа быць толькі для тых, хто падзяляе агульначалавечыя каштоўнасці. Такая практыка ўжо існуе ў Польшчы, хутка таксама будзе працаваць і ў краінах Балтыі. У бліжэйшыя часы мы будзем намагацца, каб крытэрыі па допуску атлетаў з Беларусі і Расіі ўжываліся ў большасці краін Еўропы.
Мне пакуль цяжка ўявіць, што МАК дапусціць атлетаў з Беларусі і Расіі без усялякіх абмежаванняў. У такім выпадку Алімпіяду-2024 у Парыжы хутчэй за усё чакае цунамі байкотаў, масавыя дэманстрацыі ў цэнтры французскай сталіцы, прамыя канфлікты паміж атлетамі і заўзятарамі, правакацыі і нават тэракты (узгадаем Алімпійскія гульні ў 1972 годзе ў Мюнхене). Уся Алімпіяда ператворыцца ў адзін вялікі скандал, дзе ўсім будзе ўжо не да спорту. Для рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі гэта будзе вялізарная прапагандыстская перамога з наратывамі «нагнулі Захад», «свет без нас не можа», «спорт без нас нікому не патрэбны». Свята «пабедабесія» будзе гарантавана. Лёс і погляды саміх атлетаў пры гэтым нікога не будуць цікавіць, – напісаў у сваім тэлеграм-канале Апейкін.
Нагадаем, што шматлікія беларускія каманды і спартсмены былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая працягваецца з 24 лютага Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
⚽️ Чэмпіянат свету-2022 па-беларуску і без VPN! Пампуй дадатак Tribuna.com