БФСС пра затрыманне Астапчук: «Просім кіраўніцтва МАК і ЕАК адрэагаваць на гэтае злачынства і аказаць Надзеi падтрымку»
БФСС звярнуўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт і Еўрапейскія алімпійскія камітэты з нагоды затрымання Надзеі Астапчук.
Нагадаем, раней беларуская спартсменка была затрымана ў Мінску.
– Свабодная спартсменка Надзея Астапчук, чэмпіёнка свету і Еўропы, прызёрка Алімпійскіх гульняў 2008, была затрымана ў Мінску 14 снежня. На дадзены момант яна знаходзіцца на Акрэсціна.
Надзея Астапчук заняла актыўную грамадзянскую пазіцыю супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, прымала ўдзел у мірнай барацьбе, падтрымлівала спартоўцаў, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжыму, а таксама выступіла супраць вайны ва Украіне.
Мы вымушаны канстатаваць, што яе затрыманне з'яўляецца не чым іншым, як працягам парушэння асноўных правоў і свабод у Беларусі і чарговым палітычна матываваным злачынствам.
Мы просім кіраўніцтва МАК і ЕАК, а таксама ўсю спартыўную грамадскасць адрэагаваць на гэтае злачынства ў стаўленні да сябра нашай спартыўнай сям'і і аказаць Надзеі Астапчук падтрымку.
Ваш голас, цвёрдая пазіцыя і падтрымка будуць мець вялікае значэнне і змогуць абараніць сумленнага, справядлівага чалавека, нашую калегу ад катаванняў і пераследаў, – паведамляецца ў звароце.
Адзначым, што Астапчук з'яўляецца сярэбранай прызёркай ЧС-2003, а ўзнагароды з Алімпійскіх гульняў (залаты медаль АГ-2012 і бронзавы АГ-2008), а таксама чэмпіянатаў свету забралі за допінг, знойдзены ў спартсменкі.