Усе навіны

Слюнькін пра санкцыі ў спорце: «Гэта, хутчэй, па ўнутраным рэсурсе, па магчымасцях уладаў прадаваць уласную легітымнасць праз спорт»

28 снежня 2022, 21:16

Беларускі экс-дыпламат Павел Слюнькін, які на дадзены момант з'яўляецца аналітыкам Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), у інтэрв'ю «Трыбуне» выказаў сваё меркаванне пра санкцыі ў бок беларускага спорту.

– Наколькі сур'ёзным дыпламатычным ударам для Беларусі з'яўляюцца спартыўныя санкцыі?

– Эканамічныя і палітычныя санкцыі былі значна сур'ёзней, маю на ўвазе, што яны зрабілі больш істотны ўплыў на рэжым, на дыпламатыю і вонкавую палітыку. Спорт – гэта таксама ўдар, але, хутчэй, па ўнутраным рэсурсе, па магчымасцях уладаў прадаваць уласную легітымнасць праз спорт. Ну, не паехалі беларусы на міжнародныя спаборніцтвы – і хто акрамя беларусаў гэта заўважыў? Ніхто. Вось калі бы ўмоўны БАТЭ, які меў бы ўсе шанцы трапіць у групу Лігі чэмпіёнаў, страціў гэтую магчымасць з-за санкцый, то санкцыйны ўдар быў бы істотным, але па-першае па ўнутраным спажыўцу. А так… У нашых клубаў і так няма шанцаў на групавы этап еўракубкаў. Тое жа датычыцца і шматлікіх іншых спартсменаў, якія, па сутнасці, проста бяруць удзел у спаборніцтвах, не прэтэндуючы на медалі.

Я бы сказаў, што спартыўныя санкцыі – гэта больш удар асабіста па Лукашэнку, бо ён любіць спорт, захапляецца ім. Калі ўводзяцца санкцыі супраць нейкага кішэннага бізнесмена, Лукашэнка гэтага асабліва не адчуе, менш есці не стане, залаты ўнітаз менш залатым не будзе. Ну так, ёсць абмежаванні, але ўсё гэта ён забудзе на наступны дзень. А тут – пазбаўленне любай цацкі, у прыватнасці, чэмпіянату свету па хакеі. Потым яшчэ і забарона на наведанне Алімпіяды, пазбаўленне Мінска права прымаць шмат якія спаборніцтвы. Так што санкцыі – гэта насамперш удар асабіста па чалавеку, які вельмі любіць спорт, – сказаў Слюнькін.

Нагадаем, што шматлікія беларускія каманды і спартсмены былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.