Беларускіх спартсменаў абавяжуць вяртаць сумы стыпендый у выпадку падрыхтоўкі за мяжой або публікацый без дазволу, непавагі да дзяржінстытутаў і па іншых прычынах
30 снежня было зменена палажэнне аб выплаце беларускім спартсменам з боку дзяржавы імянных стыпендый за высокія вынікі на спаборніцтвах, а таксама прызавых у грашовай або натуральнай форме.
Апроч іншага, у дакуменце зараз прапісана патрабаванне вяртаць ужо выплачаныя сродкі па імянной стыпендыі ў выпадку спынення яе выплаты па пэўных прычынах. Раней такога механізма не існавала.
У якасці прычын для патрабавання вяртання сродкаў указаны:
- падрыхтоўка за межамі Беларусі без накіравання ад беларускай арганізацыі, з якой заключаны дагавор;
- выступленне за нацыянальныя і (або) зборныя каманды іншых дзяржаў;
- прыцягненне да крымінальнай адказнасці незалежна ад зняцця або пагашэння судзімасці, заканчэння тэрміну даўнасці або амністыі;
- учыненне супрацьпраўных дзеянняў супраць парадку кіравання, грамадскага парадку і грамадскай маральнасці;
- непаважлівыя адносіны да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, канстытуцыйнага ладу;
- публікацыі ці выступленні, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю, без узгаднення з беларускай арганізацыі, з якой заключаны дагавор;
- устанаўленне фактаў наяўнасці недакладных звестак у прадстаўленых для назначэння імянной стыпендыі дакументах.
Вярнуць грошы патрабуюць у тэрмін да паўгода. Можна падаць хадайніцтва ў Мінспорту аб растэрміноўцы яшчэ максімум на шэсць месяцаў. Калі сродкі не вярнулі, Мінспорту «прымае меры па спагнанні ў судовым парадку».
Падставамі для прыпынення або спынення выплаты імянных стыпендый без патрабавання вяртання сродкаў з'яўляюцца:
- удзел у міжнародных спартыўных мерапрыемствах без накіравання ад беларускай арганізацыі, з якой заключаны дагавор;
- безвыніковасць вучэбна-трэніровачнага працэсу і (або) невыкананне індывідуальных планаў спартыўнай падрыхтоўкі, у тым ліку з-за дэкрэтнага водпуску;
- невыкананне або неналежнае выкананне ўмоў дагавора;
- недасягненне вынікаў, прадугледжаных дагаворам;
- парушэнне абавязкаў па ўдзеле ў афіцыйных спартовых мерапрыемствах;
- неўстараненне прычын, якія паслужылі падставамі для прыпынення выплат;
- іншыя прадугледжаныя выпадкі.