Усе навіны

Украіна можа байкатаваць Алiмпiяду ў выпадку допуску беларускіх і расiйскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў

26 студзеня 2023, 16:30
3

Міністр моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт 26 студзеня заявіў пра магчымы байкот Алімпійскіх гульняў з боку Украіны, калі Расію і Беларусь дапусцяць да міжнародных спаборніцтваў.

«МАК пацвердзіў свае санкцыі супраць урадаў дзяржаў-агрэсараў, а таксама сваю салідарнасць з украінскімі спартсменамі і нашай Алімпійскай сям’ёй. Аднак таксама пачалася дыскусія аб магчымасці ўдзелу ў спаборніцтвах атлетаў з усіх краін, асабліва паміж якімі ідуць войны.

Заява МАК па выніках пасяджэння Выканкама 25 студзеня 2023 года фактычна з’яўляецца апісаннем сітуацыі, якая склалася ў Алімпійскім руху ў сувязі з поўнамаштабнай агрэсіяй Расіі пры дапамозе РБ, распачатай падчас Алімпійскага пераміру. Яна нядаўна абмяркоўвалася вузкім колам асоб на так званым Алімпійскім саміце, куды запрасілі прадстаўнікоў толькі трох НАКаў (ЗША, КНР і Расеі).

У рамках наступных кансультацый, арганізаваных МАК, на жаль, пытанне допуску расейцаў і беларусаў уздымалася большасцю НАКаў. Украіна і некаторыя дзяржавы-партнёры, якія бралі слова, выступілі супраць гэтага да завяршэння агрэсіі РФ. Для ўсёй украінскай спартовай супольнасці — гэта прынцыповае пытанне!

Частка міжнародных федэрацый абурылася спробай МАК прасоўваць вяртанне расейцаў і беларусаў.

Такая сітуацыя недапушчальная для нашай дзяржавы. Мы звярталіся і будзем звяртацца да ўсіх міжнародных арганізацый, якія могуць паўплываць на сітуацыю і на думку якіх могуць прыслухоўвацца члены МАК. Нашая пазіцыя нязменная: пакуль ва Ўкраіне працягваецца вайна, расейскіх і беларускіх спартсменаў не павінна быць на міжнародных спаборніцтвах!!!

Зараз ідзе праца над далейшымі магчымымі крокамі і першачарговымі мерамі па падаўжэнні санкцый і адхіленні расейцаў і беларусаў ад міжнародных спаборніцтваў. Калі нас не пачуюць, я не выключаю, што мы будзем байкатаваць і адмовімся ад удзелу ў Алімпіядзе», — напісаў Гутцайт.

25 студзеня Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў пра забарону допуску да спаборніцтваў беларускім і расійскім спартоўцам, якія падтрымалі вайну. У той жа час тыя атлеты, хто адпавядае крытэрыям МАК і не выказваўся ў падтрымку вайны, могуць прымаць удзел выключна ў нейтральным статусе.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.