Усе навіны

НАК Беларусі пра заяву МАК: «Выступаем за адмену ўсіх абмежаванняў не толькі для беларускіх спартсменаў, але і ў цэлым Рэспублікі Беларусь»

27 студзеня 2023, 08:32

НАК Беларусі пракаментаваў заяву Міжнароднага алімпійскага камітэта пра магчымае зняцце міжнароднага бана з беларускіх спартсменаў, калі яны не выказвалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь вітае імкненне МАК вырашыць сітуацыю аб допуску беларускіх атлетаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

Апублікаваную 25 студзеня заяву Выканкама МАК разглядаем як спосаб знайсці кампраміс і чакаем канкрэтных рашэнняў для далейшага абмеркавання.

У той жа час НАК Беларусі выступае за адмену ўсіх абмежаванняў не толькі ў адносінах да беларускіх і расійскіх спартсменаў з мэтай захавання прынцыпу роўнасці і недыскрымінацыі, але і ў цэлым Рэспублікі Беларусь.

Адначасова НАК Беларусі выказвае словы падзякі Алімпійскай радзе Азіі за падтрымку і прапанову аб выступленні ў спаборніцтвах пад эгідай гэтай арганізацыі ў кваліфікацыйных турнірах да Гульняў у Парыжы-2024», – напісана ў заяве НАК.