Усе навіны

Апейкін аб магчымым зняцці міжнароднага бана: «Гэта можа прывесці да легалізацыі знішчэння Украіны Расіяй, чаго нельга дапусціць»

30 студзеня 2023, 22:41

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся меркаваннем аб магчымым зняцці міжнароднага бана з беларускіх і расійскіх спартсменаў.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Зусім нядаўна прайшлі кансультацыі МАК па пытанні ўдзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у Алімпіядзе-2024. Потым з'явілася заява выканкама МАК. Гэта заява сама па сабе вельмі супярэчлівая. З аднаго боку, у ім праяўляюць салідарнасць з украінскім спортам. З іншага боку, гаворыцца аб магчымым допуску спартсменаў з Расіі і Беларусі [да міжнародных спаборніцтваў] нават на фоне вайны.

Па сутнасці, заява МАК дае зразумець, што большая частка атлетаў будзе дапушчана да Гульняў. Не дапусцяць толькі тых, хто адкрыта падтрымаў вайну, парушыў Алімпійскую хартыю і «міратворчую місію МАК» – а гэтыя парушэнні трэба яшчэ даказаць. Пры гэтым дакладна не пазначана, што значыць «падтрымаў вайну», што значыць «парушыў алімпійскую хартыю». Дзе дакладныя крытэрыі? Іх няма. Таму нядзіўна, што такая заява камітэта выклікала вельмі сур'ёзны рэзананс у спартыўных колах, шмат у каго з'явілася абурэнне. Вы ўвогуле можаце сабе ўявіць, каб падчас Другой сусветнай вайны нямецкія спартсмены ўдзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах? Гэта нешта нерэальнае. Але зараз, па сутнасці, вось такое можа адбыцца.

Ды і ўвогуле гэта ж гісторыя не пра спорт. Такія крокі МАК пагражаюць нармалізацыяй вайны ва Украіне – гэта самае страшнае. Дакладна ёсць вялікая група расійскіх лабістаў, яны былі заўсёды. Яны маюць уплыў на МАК, яны патрацілі вар’яты рэсурсы і сілы. Гэта лабісты ўсё рабілі і робяць не для спорту. Мэта адна – вяртанне рускага свету ў глабальную камунікацыю. Таму што за спартыўным прэцэдэнтам могуць рушыць услед і культура, і іншыя сферы, а потым і наогул усе санкцыі могуць зняць. Першы крок да гэтага – вяртанне спартсменаў.

Гэта значыць праз спартыўную сферу сітуацыя можа прыйсці да таго, што ўкраінскі народ прадоўжаць знішчаць, а ваенныя злачынствы ніхто асуджаць не будзе, «рускі свет» будзе вяртацца, яго і Расію будуць успрымаць як нешта нармальнае і адэкватнае. Ну як можна такое ўявіць? Гэта галоўная небяспека. Ствараецца пагроза дэмакратыі, цывілізаванаму свету, таму што Расія хоча дамагчыся таго, каб у вайне супраць Украіны не бачылі нічога страшнага.

Увогуле, калі нічога не рабіць, заява МАК у нейкай ступені можа прывесці да таго, што знішчэнне Украіны набудзе легальныя абрысы. Ні ў якім разе нельга дапусціць гэтых страшных наступстваў, – лічыць Апейкін.