Усе навіны

Генсакратар АКР – пра магчымае зняцце бана з атлетаў: «Гаворка ідзе пра ўмовы вяртання расіян і беларусаў не на Алімпіяду, а на адборачныя спаборніцтвы»

31 студзеня 2023, 08:44

Генеральны сакратар Алімпійскага камітэта Расіі (АКР) Радзівон Плітухін падчас сходу членаў Усерасійскай асацыяцыі летніх алімпійскіх відаў спорту выказаўся наконт заявы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) пра магчымым допуск расійскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах.

«На дадзены момант гаворка ідзе пра крытэрыі і магчымыя ўмовы вяртання расійскіх і беларускіх спартоўцаў не на Алімпійскія гульні, а на адборачныя міжнародныя спаборніцтвы і кваліфікацыйныя турніры, якія цалкам знаходзяцца ў юрысдыкцыі міжнародных спартыўных федэрацый.

МАК у індывідуальным парадку абмяркоўвае зараз менавіта гэта з федэрацыямі.

АКР, у сваю чаргу, у бягучых умовах задзейнічае ўсе свае рэсурсы і магчымасці для выпрацоўкі выверанага падыходу і парадку дзеянняў па пытанні ўдзелу менавіта ў Алімпійскіх гульнях», – сказаў Плітухін.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.