Старшыня Сейма Літвы Чмілітэ-Нільсэн: «Для расійскіх і беларускіх спартсменаў, нават пры ўмове выступлення пад нейтральным сцягам, дарог на найважнейшыя спартыўныя форумы быць не павінна»
Старшыня Сейма Літвы і адзіная жанчына-гросмайстар у гісторыі Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн выказалася пра магчымы допуск расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў.
«Відавочна, што Расія і Беларусь выкарыстоўваюць спорт для сваёй прапаганды. Таму паспрабуюць знайсці спосабы, як вярнуцца ў алімпійскі рух.
На наш погляд, для расійскіх і беларускіх спартсменаў, нават пры ўмове выступлення пад нейтральным сцягам, дарог на важнейшыя спартыўныя форумы быць не павінна. Мы створым кааліцыю з іншымі краінамі, я ўжо казала пра гэта са старшынямі парламентаў Польшчы, Латвіі, Эстоніі. Гэтае пытанне зараз сапраўды актуальнае», – заявіла Чмілітэ-Нільсэн.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.