Усе навіны

МАК: «Санкцыі супраць РФ і Беларусі не падлягаюць абмеркаванню. Сцягі гэтых краін не павінны дэманстравацца на спартыўных мерапрыемствах»

1 лютага 2023, 09:37

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у новай заяве паведаміў, што не стане дапускаць да міжнародных спаборніцтваў спартсменаў з РФ і Беларусі з выкарыстаннем дзяржаўных флагаў і гімнаў гэтых краін.

«Санкцыі супраць расійскай і беларускай дзяржаў не падлягаюць абмеркаванню. Яны былі аднагалосна пацверджаны на нядаўнім алімпійскім саміце 9 снежня 2022 года.

Ніякія міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы не павінны быць арганізаваны міжнароднымі федэрацыямі ці нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі на тэрыторыі Расіі і Беларусі.

Ніякія сцягі, гімны, колеры або любая іншая ідэнтыфікацыя гэтых краін не павінны дэманстравацца на якім-небудзь спартыўным мерапрыемстве або сустрэчы, у тым ліку месцах іх правядзення.

Дзяржаўныя чыноўнікі Расіі і Беларусі не павінныя быць запрошаныя ці акрэдытаваныя на якое-небудзь міжнароднае спартовае мерапрыемства ці сустрэчу», – паведамляецца ў заяве МАК.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.