Усе навіны

Намеснік міністра спорту РФ Марозаў: «У сакавіку краіны Афрыкі аднагалосна прапануюць нам выступаць на сваіх стартах»

1 лютага 2023, 12:47

Намеснік міністра спорту РФ Аляксей Марозаў паведаміў, што Асацыяцыя нацыянальных алімпійскіх камітэтаў (НАК) краін Афрыкі запросіць расійскіх спартоўцаў выступаць на сваіх спаборніцтвах.

«Пазіцыя Мінспорту – на чале кута спартовец, ён павінен спаборнічаць з наймацнейшымі, мы прыкладзем для гэтага ўсе намаганні. Не забываем пра погляд у бок Азіі – Кітай паступова пачынае адкрывацца, думаю, да сакавіка абмежавальныя меры будуць аслаблены, і мы сфармуем добры спаборніцкі каляндар.

Вядзецца праца і з іншымі азіяцкімі краінамі, у тым ліку і лагістычная. Як вы ведаеце, Алімпійскі савет Азіі раней выказаў жаданне нас бачыць на спаборніцтвах. У сакавіку месяцы такую ж заяву зробяць і краіны Афрыкі – яны аднагалосна выступяць з прапановай нам выступаць на сваіх стартах.

Мы чакаем дыялогу з МАК (Міжнародным алімпійскім камітэтам) і міжнароднымі федэрацыямі, па якіх крытэрыях мы будзем дапушчаныя», – сказаў Марозаў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.