Усе навіны

«Умова адсутнасці актыўнай падтрымкі вайны ва Украіне адчыняе дзверы для ціску». ААН апублікавала заклік сваіх экспертаў дапускаць беларусаў і расіян да міжнародных турніраў

2 лютага 2023, 10:46

На афіцыйным сайце Упраўлення ААН па правах чалавека апублікавана заява экспертаў арганізацыі ў галіне культурных правоў і сучасных форм расавай дыскрымінацыі і ксенафобіі Аляксандры Ксантакі і Ашвіні К.П., якія заклікаюць дапускаць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Мы заклікаем МАК прыняць рашэнне ў гэтым кірунку і пайсці далей, забяспечыўшы недыскрымінацыю любога спартсмена па прыкмеце яго нацыянальнасці.

Рэкамендацыя МАК узняла сур'ёзныя пытанні прамой дыскрымінацыі, таму што спартсмены не павінны падвяргацца дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце.

Мы разумеем імкненне падтрымаць украінскіх спартсменаў і ўкраінскую алімпійскую супольнасць, якія разам з усімі ўкраінцамі пакутуюць ад вайны.

Але Алімпійскі камітэт і, у шырэйшым сэнсе, алімпійская супольнасць таксама абавязаны выконваць Алімпійскую хартыю і, у шырэйшым сэнсе, міжнародныя нормы ў вобласці правоў чалавека, якія забараняюць дыскрымінацыю.

Калі дзяржавы так адкрыта ігнаруюць правы чалавека, у нас больш абавязацельстваў па падтрымцы нашых агульных каштоўнасцей», – гаворыцца ў заяве.

Эксперты ААН асобна пракаментавалі ўмову МАК аб адсутнасці ў біяграфіі ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Гэтая ўмова адчыняе дзверы для ціску і інтэрпрэтацый. Да ўсіх спартсменаў, незалежна ад іх нацыянальнасці, павінны прымяняцца адны і тыя ж правілы, у тым ліку правіла аб тым, што любая прапаганда нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту павінны быць забароненыя», – заявілі эксперты.