Усе навіны

Аргкамітэт Алімпіяды-2024 будзе прытрымлівацца рашэння МАК аб допуску беларусаў і расіян да спаборніцтваў

2 лютага 2023, 12:00

Арганізатары Алімпіяды-2024 у Парыжы заявілі, што будуць прытрымлівацца рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта дапусціць беларусаў і расіян да спаборніцтваў пад нейтральным сцягам.

«Паколькі канфлікт працягваецца, Paris 2024 хоча выказаць сваю поўную салідарнасць з Украінай, яе народам і ўкраінскім алімпійскім і паралімпійскім рухам, якія сутыкнуліся з неверагодным крызісам.

Што да прысутнасці расійскіх і беларускіх спартсменаў на Гульнях у Парыжы-2024, варта нагадаць, што сістэма кваліфікацыі вызначаецца міжнароднымі федэрацыямі, МАК і МПК.

Нашае жаданне заключаецца ў тым, каб алімпійскі рух, паралімпійскі рух і спартсмены правялі Алімпійскія гульні 2024 года ў Парыжы ў духу міру, паважаючы каштоўнасці братэрства і салідарнасці», – гаворыцца ў заяве.

Таксама арганізатары заявілі, што будуць выконваць санкцыі МАК у дачыненні да Беларусi i Расii.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.