Усе навіны

Прэс-сакратар Белага дома: «Выкарыстанне сцягоў і гімнаў Расіі і Беларусі на міжнародных спаборніцтвах павінна быць забаронена»

2 лютага 2023, 23:38

Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер заявіла, што спартсмены з Расіі і Беларусі не павінны спаборнічаць пад флагамі сваіх дзяржаў, калі іх дапусцяць да міжнародных спаборніцтваў.

«У выпадках, калі спартыўныя арганізацыі і арганізатары спартыўных мерапрыемстваў, такія як Міжнародны алімпійскі камітэт, вырашаюць дапусціць да ўдзелу атлетаў з Расіі і Беларусі, павінна быць абсалютна зразумела, што яны не прадстаўляюць расійскую або беларускую дзяржавы.

Выкарыстанне афіцыйных дзяржаўных сцягоў Расіі і Беларусі, эмблем і гімнаў павінна быць таксама забаронена», – заявіла Жан-Пʼер.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

Адзначым, што НАК ЗША падтрымаў далейшы разгляд ідэі МАК дапусціць расіян і беларусаў да спаборніцтваў у нейтральным статусе.