Усе навіны

Талай пра наведванне ампутантаў, якія ваявалі супраць Украіны: «Рады, што іх падтрымаў. Паглядзяць на мяне і вырашаць: а чаго тут сумаваць?»

3 лютага 2023, 08:00

Параплавец Аляксей Талай у інтэрв'ю «Прессболу» распавёў пра наведванне тых, каму ампутавалі канечнасці ў выніку наступстваў баявых дзеянняў.

Адзначым, Талай, актыўны прыхільнік рэжыму Лукашэнкі, не раз наведваў так званую «ДНР», гэта значыць тэрыторыю Данецкай вобласці Украіны, акупаваную з 2014-га прарасiйскімі сепаратыстамі, а з 2022-га – самой Расiяй. Падчас вайны, якую з 24 лютага працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, прарасiйскія медыя не раз паведамлялі, што Талай прыбывае ў шпіталі ў Расiі і на тэрыторыях, акупаваных Расiяй, і наведвае непасрэдна тых, хто ваяваў супраць Украіны. Талай неаднаразова падтрымліваў уварванне Расіі ва Украіну ў сваіх выказваннях.

– Пасля траўмы (маецца на ўвазе тое, што ў 16 гадоў Талаю адарвала рукі і ногі выбухам міны часоў Другой сусветнай вайны – Tribuna.com) мне прагназавалі пагібель і забыццё: маўляў, сап'ецца, стане курыць, звядзе маці з розуму. Але я абраў іншы шлях.

Адчуваў, што трэба ісці ў спорт. Вядомасці мне хапала і без таго. Усюды стараўся не падвесці краіну, заўсёды адчуваў сувязь з роднай зямлёй.

Сёння ўжо магу паслужыць Радзіме і ў якасці пасла добрай волі, спартсмена-паралімпійца і проста прадстаўніка краіны. Мне ёсць з чым прыйсці да школьнікаў, ва ўніверсітэт, да анкахворых, жыхароў Данбаса, якія сталі інвалідамі або страцілі блізкіх. Прыйсці і сказаць: вер у сябе, дружбак.

– У шпіталях Расіі, бальніцах Данбаса вы ўбачылі маладых людзей, якія з-за выбуховых траўм пазбавіліся канечнасцяў, як і вы. Што зведалі ўпершыню падчас такой сустрэчы?

– Балюча было бачыць маладых хлопцаў пасля такіх раненняў, як у мяне. Хлопцы страцілі канечнасці ў сувязі са спецыяльнай ваеннай аперацыяй (так прыхільнікі Пуціна і расійскія медыя называюць вайну ва Украіне – Tribuna.com), падарваліся на фашысцкіх мінах, новых, якія цяпер пастаўляе Германія. Недзе на мяне нахлынулі ўспаміны. Але разумеў, што ў многіх з іх сітуацыя не такая фатальная. І гэта супакойвала. Паглядзяць на мяне і вырашаць: а чаго тут сумаваць? Рады, што прыехаў і ўласным выглядам іх падтрымаў.

Мы збіраемся працягваць праграму па рэабілітацыі людзей, якія вярнуліся з раненнямі (відавочна, маецца на ўвазе вяртанне з вайны супраць Украіны – Tribuna.com). Будзем і далей ездзіць па шпіталях, гутарыць з імі. З самага пачатку разумеў, што мне давядзецца ў гэтым удзельнічаць.

Мая гісторыя – рэальная. Яна пра тое, як выжыць, не спіцца, стварыць сям'ю, зарабляць, дапамагаць. І неверагодна прыемна было, калі паведамілі з лякарні, што пасля нашых зносін хлопцы селі на каляскі і пачалі ездзіць па калідорах. У іх з'явілася надзея. Гэта дарагога варта, – заявіў Талай.