Усе навіны

Беларускія свабодныя спартсмены звярнуліся да МАК: «Прарэжымнiкi разам з прапагандай ужо разбурылі алімпійскі дух. Заклікаем зрабіць асновай праверак для допуску актыўную антываенную пазіцыю»

4 лютага 2023, 01:47
4

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і больш за 50 прадстаўнікоў беларускага спорту, сярод якіх тытулаваныя спартсмены, звярнуліся да МАК з Дэкларацыяй аб удзеле беларускіх і расійскіх спартсменаў у алімпійскім руху.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«З улікам:

– папярэдніх рэкамендацый выканкама МАК па адхіленні ад міжнародных спаборніцтваў расійскіх і беларускіх спартсменаў і афіцыйных асоб ад 28 лютага 2022 года;

– асноўных прынцыпаў алімпізму;

– ролі Міжнароднага алімпійскага камітэта па Алімпійскай хартыі;

– заявы аб салідарнасці з Украінай, санкцыях супраць Расіі і Беларусі як дзяржаў і статусе спартсменаў з гэтых краін ад 25 студзеня 2022 г;

у той час як:

– фундаментальныя прынцыпы Алімпійскай хартыі абвяшчаюць, што мэта алімпізму – паставіць спорт на службу гарманічнага развіцця чалавецтва з мэтай развіцця міралюбівага грамадства, заклапочанага захаваннем чалавечай годнасці, што кожны чалавек павінен мець магчымасць займацца спортам без якой-небудзь дыскрымінацыі і ў алімпійскім духу, што патрабуе ўзаемадзеяння ў духу сяброўства, салідарнасці і сумленнай гульні;

– паводле Алімпійскай хартыі роля Міжнароднага алімпійскага камітэта заключаецца ў супрацьстаянні любому палітычнаму або камерцыйнаму злоўжыванню спортам і спартсменамі;

– украінскія спартсмены абаранялі сваю Радзіму, больш за 200 спартсменаў ужо загінулі, а іншыя пазбаўлены магчымасці эфектыўна трэніравацца - разбурана больш за 320 аб'ектаў спартыўнай інфраструктуры;

– больш за 20 прадстаўнікоў свабоднага спорту Беларусі былі афіцыйна прызнаны палітзняволенымі, а сотні свабодных спартсменаў і спецыялістаў былі рэпрэсіраваны і вымушаны былі ратавацца ўцёкамі з краіны за факт выступлення супраць гвалту і за барацьбу за прыхільнасць алімпійскім каштоўнасцям;

– прадстаўленне Украіны на міжнароднай арэне ўжо не пытанне асабістых дасягненняў, гэта яшчэ і напамін усяму свету аб важнасці аб'яднання намаганняў для спынення вайны, захавання недатыкальнасці правоў і свабод чалавека і аднаўлення міру ў дэмакратычнай еўрапейскай краіне.

– усе спартсмены з Расіі і Беларусі, якія адкрыта падтрымліваюць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі (у арыгінале прозвішча напісаны ўсімі малымі літарамі – Tribuna.com) ці абiраюць захоўваць маўчанне, выкарыстоўваюцца як інструмент прапаганды ў праслаўленні вайны ва Украіне і легітымацыі рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі (у арыгінале прозвішча напісаны ўсімі малымі літарамі – Tribuna.com);

– шэраг алімпійскіх устаноўчых і спартыўных органаў, уключаючы Нацыянальныя алімпійскія камітэты Даніі, Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, ужо раскрытыкавалі рашэнне МАК аб допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў;

БФСС і беларускія свабодныя спартсмены:

– падтрымліваюць узмацненне санкцый, якія ўжо дзейнічаюць у дачыненні да расійскай і беларускай дзяржавы і ўрада;

– асуджаюць недастатковасць механізму крытэрыяў, прапанаванага для ўдзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах, які складаецца са статусу нейтральнага спартсмена, адсутнасці дзеянняў спартсмена супраць міратворчай місіі МАК шляхам актыўнай падтрымкі вайны ва Украіне і захавання антыдопінгавых правіл;

– выказваюць недавер магчымасці выканання крытэрыяў расійскімі і беларускімі прарэжымнымі спартсменамі, бо такія спартсмены разам з прапагандай ужо разбурылі алімпійскі дух і зрабілі немагчымым спаборніцтва з імі ў духу дружбы, салідарнасці і сумленнай гульні;

– цвёрда перакананыя, што МАК павінен прадухіліць палітызацыю спорту - расійскія і беларускія спартсмены, якія падтрымліваюць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі (у арыгінале прозвішча напісаны ўсімі малымі літарамі - Tribuna.com), не павінны мець магчымасці вывесці агрэсію на сусветную спартыўную арэну;

– заклікаюць МАК усебакова і ў дастатковай ступені абараняць правы ўкраінскіх і беларускіх свабодных спартсменаў і спартыўных спецыялістаў: беларускія свабодныя спартсмены павінны атрымаць права ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах і быць выратаваны ад пераследу з боку рэжыму Лукашэнкі (у арыгінале прозвішча напісана ўсімі малымі літарамі – Tribuna.com) за іх грамадзянскую пазіцыю, грамадзянскія правы беларускіх свабодных спартсменаў павінны быць адноўлены, палітычныя зняволеныя павінны быць неадкладна вызвалены;

– прапануюць МАК укараніць эфектыўную сістэму праверкі расійскіх і беларускіх спартсменаў на прадмет іх магчымага допуску да спаборніцтваў, якая павінна грунтавацца на актыўнай антываеннай пазіцыі спартсмена, у тым ліку, але не абмяжоўваючыся, падпісанне Антываеннай дэкларацыі», – гаворыцца ў Дэкларацыі.

З меркаванняў бяспекі даныя тых, хто падпісаў Дэкларацыю, не публікуюцца ў адкрытых крыніцах.