Усе навіны

Мінспорту Польшчы: «Калі пазіцыя МАК будзе захавана, мы актывізуем стварэнне шырокай кааліцыі краін, без якіх Гульні, дэ-факта, не будуць мець спартыўнай каштоўнасці»

3 лютага 2023, 23:37
1

Міністэрства спорту і турызму Польшчы паведаміла, што яны актывізуюць працу па стварэнні шырокай кааліцыі краін, без удзелу якіх Алімпійскія гульні не будуць мець ніякага спартыўнага сэнсу, калі расіян і беларусаў дапусцяць на Алімпіяду-2024 у Парыжы.

«Міністэрства спорту і турызму, як і Польскі Алімпійскі камітэт, лічаць, што да спынення расійскай агрэсіі супраць Украіны расійскія і беларускія спартсмены не павінны ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, у прыватнасці, у Алімпійскіх гульнях, якія з'яўляюцца сімвалам каштоўнасцяў і ідэй, важных для сучасных цывілізаваных. супольнасцяў. Мы сканцэнтраваны на мерапрыемствах, якія выключаць спартсменаў з Расіі і Беларусі са спартыўных спаборніцтваў у Парыжы.

Калі пазіцыя МАК будзе захавана, мы актывізуем працу па стварэнні шырокай кааліцыі краін, без якіх Гульні, дэ-факта, не будуць мець спартыўнага сэнсу і каштоўнасці», – сказана ў паведамленні.

Паведамляецца, што 18 студзеня, за тыдзень да заявы МАК аб магчымым допуску да алімпійскіх спаборніцтваў расійскіх і беларускіх спартсменаў, польскі міністр Каміль Бартнічук накіраваў ліст міністрам спорту, якія падпісалі дзве папярэднія заявы з сакавіка і ліпеня 2022 года, якія тычыліся накладзеных на расіян.

У ім ён заклікаў захаваць ужо накладзеныя на Расію санкцыі і выказаў катэгарычны супраціў наконт допуску расійскіх і беларускіх спартсменаў да спаборніцтваў падчас III Еўрапейскіх Гульняў (у чэрвені-ліпені ў Кракаве – заўв.), да алімпійскіх кваліфікацый і іх вяртання да міжнародных спаборніцтваў.

Падкрэсліваецца, што ў выніку дыпламатычных намаганняў міністра Бартнічука, 10 лютага адбудзецца першая сустрэча дзяржаў-падпісантаў вышэйзгаданых заяў «у мэтах узгаднення далейшых сумесных крокаў» у адносінах МАК да вывучэння магчымасці ўдзелу расіян і беларусаў у Алімпійскіх гульнях у Парыжы пад нейтральным сцягам.

Учора, 2 лютага з пазіцыяй, якая асуджае намаганні МАК па вяртанні да міжнародных спаборніцтваў спартсменаў з краін-агрэсараў, выступілі міністры спорту Польшчы, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Гэты дакумент быў абнародаваны і будзе прадстаўлены ў міжнародныя спартыўныя федэрацыі і МАК 7 лютага.