Вярхоўная Рада Украіны звярнулася ў парламенты краін свету і МАК з заклікам адхіліць расіян і беларусаў ад Алімпіяды
Вярхоўная Рада Украіны накіравала зварот у парламенты краін свету, МАК, нацыянальныя алімпійскія камітэты і міжнародныя спартыўныя федэрацыі адносна забароны ўдзелу расіян і беларусаў у міжнародных спаборніцтвах і Алімпіядзе.
324 нардэпы падтрымалі гэты зварот, у якім адзначаецца аб «адхіленні расійскіх і беларускіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў і Алімпійскіх гульняў да завяршэння ўзброенай агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, уключаючы вывад войскаў з усёй тэрыторыі Украіны і вырашэнне пытання кампенсацыі Расійскай Федэрацыяй».
«Прапановы пра допуск спартсменаў краін-тэрарыстаў Расіі і Беларусі да міжнародных спартыўных спаборніцтваў не ўлічваюць крайне жорсткі і варварскі характар вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй з падтрымкай Беларусі супраць Украіны, накіраванай на генацыд Украінскага народу, акрамя, непрыхаванага намагання ўзброеных сілаў фашыстцкай Расіі справакаваць ва Украіне тэхнагенную катастрофу, шляхам поўнага руйнавання энергетычнай сістэмы, абстрэлаў Запарожскай і Чарнобыльскай атамных электрастанцый.
Такія прапановы – насмешка над памяццю соцень тысяч грамадзян Украіны, у тым ліку больш 220 украінскіх спартсменаў, якія самааддана сталі на абарону Айчыны і паклалі жыццё ў барацьбе за яе будучыню як дэмакратычнай еўрапейскай краіны», – напісалі ў закліку.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.