Ганна Эйсмант пра міжнародны бан: «Усе разумеюць, што без нас гэты свет непаўнавартасны. Ніводнаму спартсмену думка пра байкот і ў галаву не можа прыйсці»
Вядучая спартыўных праектаў АТН Ганна Эйсмант падзялілася меркаваннем аб магчымым вяртанні беларускіх спартсменаў на міжнародныя спаборніцтвы, а таксама пракаментавала заявы прадстаўнікоў некаторых краін, што яны будуць байкатаваць Алімпійскія гульні ў выпадку допуску беларусаў.
Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.
«Вось ужо трэці тыдзень у спартовым свеце ідзе дыскусія наконт вяртання беларусаў і расіян на міжнародныя спаборніцтвы, і гэта, безумоўна, галоўная тэма. Тое, што без нас гэты свет непаўнавартасны ўсё разумеюць, але некаторыя нічога не могуць зрабіць з ціскам палітыкаў са сваіх краін. Нават суседзі, учорашнія прыяцелі, ствараюць нейкія кааліцыі, ставяць ультыматум, яны гатовыя нават самі не ехаць на Алімпійскія гульні, толькі б дапячы іншым.
Выглядае вельмі танна і непраўдападобна. Ну як могуць спартсмены Латвіі ці Польшчы выступаць за байкот Гульняў, калі туды дапусцяць Беларусь і Расію? Ніводнаму прафесіяналу такая думка і ў галаву не можа прыйсці, таму што ў спартоўца не два і не тры жыцці. Свае фізічныя магчымасці яны могуць рэалізаваць толькі ў абмежаваны перыяд часу.
Хутка завяршыцца гэтая «мышыная валтузня» не можа, таму што яна з'яўляецца часткай геапалітыкі», – сказала Эйсмант.
Нагадаем, што сігнал тэлефона Эйсмант быў зафіксаваны на Плошчы Перамен 11 лістапада 2020-га, у вечар, калі там збілі пасля Рамана Бандарэнкі, які памёр ад траўмаў.